Леў XIV на магіле святога Францішка: малітва аб надзеі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Раніцай 20 лістапада 2025 года Папа здзейсніў кароткую пілігрымку ў Асізі. Нягледзячы на праліўны дождж і холад, вернікі віталі яго воклічамі “Жыве Папа!”.
Першым пунктам візіту стала малітва ў крыпце ніжняй базілікі, ля магілы святога Францішка. Пантыфіка сустрэлі старшыня італьянскага епіскапату кардынал Матэа Дзупі і кустод санктуарыя, айцец Марка Мароні.
“Гэта благаслаўленне – быць сёння тут, у гэтым святым месцы, - сказаў Папа. - Мы набліжаемся да 800-годдзя смерці святога Францішка, і гэта дае нам магчымасць падрыхтавацца да ўшанавання гэтага вялікага, пакорнага і беднага святога, у той час як свет шукае знакаў надзеі”.
Пасля хвіліны ціхай і засяроджанай малітвы ў святле ватыўнай лампады, Святы Айцец звярнуўся з кароткім словам. Ён падкрэсліў, што пасланне святога Францішка працягвае несці надзею Касцёлу і свету нават праз стагоддзі.
Цэнтральнай падзеяй візіту стала сустрэча з членамі Канферэнцыі Біскупаў Італіі, якія завяршалі сваю 81-ю Генеральную асамблею. Яна адбылася ў Базіліцы Санта-Марыя-дэльі-Анджэлі, дзе Пантыфік звярнуўся да іерархаў з прамовай. Адразу пасля гэтага, каля 10.00, Леў XIV вярнуўся на верталёце ў Ватыкан.
