Леў XIV адзначыў прыклад служэння святога Язафата Кунцэвіча
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Сённяшняя літургія ўшаноўвае памяць святога Язафата, біскупа, мучаніка з прычыны яго нястомнай руплівасці аб адзінстве Касцёла. Заахвочваю кожнага ўсведамляць атрыманыя дары ласкі, каб яны былі пастаўлены на службу супольнасці”, - сказаў Папа.
Новая благаслаўлёная з Індыі
Пантыфік адзначыў таксама, што 8 лістапада ў горадзе Кочы, у індыйскім штаце Керала, была беатыфікавана Маці Элісва Вакаіл, якая жыла ў XIX стагоддзі і заснавала Трэці ордэн босых кармэлітак тэрэзіянскіх.
“Няхай яе адважнае служэнне на карысць эмансіпацыі найбяднейшых дзяўчат будзе крыніцай натхнення для тых, хто працуе ў Касцёле і ў грамадстве дзеля годнасці жанчыны”, - пажадаў Леў XIV.
Будзем удзячныя Богу за дар міру
Вітаючы пілігрымаў з Польшчы, Папа заўважыў, што 11 лістапада ўспаміналася заканчэнне “бессэнсоўнай бойні” Першай сусветнай вайны, пасля якой для многіх народаў, у тым ліку для польскага, заззяла зараніца незалежнасці.
“Будзем удзячныя Богу за дар міру, вышэй за які – як піша святы Аўгусцін – “нічога лепшага знайсці нельга”. “Давайце будзем сцерагчы яго з сэрцам, укаранёным у Евангелле, у духу братэрства і любові да Айчыны”, - сказаў Святы Айцец.
