Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Леў XIV замацаваў юрыдычны статус Марской апостальскай службы

Святы Айцец надаў Марской апостальскай службе (Opus Apostolatus Maris) афіцыйны статус кананічнай юрыдычнай асобы і зацвердзіў статут гэтай арганізацыі.

Марыя Валодзіна – Vatican News

6 лістапада 2025 года Святы Айцец выдаў хірограф, у якім гаворыцца аб афіцыйным заснаванні Марской апостальскай службы, якая займаецца душпастырскай падтрымкай маракоў, мараплаўцаў, іх сем'яў і ўсіх, хто працуе на моры, рэках і азёрах.

Марское душпастырства і раней рэгулявалася шэрагам папскіх дакументаў, такіх як motu proprio “Iam pridem” (1914 года), апостальская канстытуцыя “Exsul Familia” (1952 года), дэкрэт аб пастырскай місіі біскупаў у Касцёле “Christus Dominus” (1965 года), motu proprio “Pastoralis migratorum cura” (1969 года) і motu proprio “Stella Maris” (1997).

Папа Францішак распарадзіўся перадаць кіраўніцтва марскім душпастырствам Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, паўнамоцтвы якой звязаныя з душпастырствам мігрантаў і вандроўнікаў (пар. арт. 166 § 1, Praedicate Evangelium).

Новы хірограф Льва XIV афіцыйна замацоўвае за Марской апостальскай службай статус “публічнай кананічнай юрыдычнай асобы”, адначасова зацвярджаючы статут гэтай арганізацыі. У адпаведнасці з артыкулам 166 § 1 апостальскай канстытуцыі “Praedicate Evangelium” установа будзе падпарадкоўвацца Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Яе дзейнасць будзе рэгулявацца вышэйзгаданым статутам, законамі Дзяржавы Ватыкан, а таксама motu proprio аб юрыдычных асобах Рымскай Курыі ад 5 снежня 2022 года. Застаюцца ў сіле ўсе палажэнні motu proprio “Stella Maris” ад 31 студзеня 1997 года.

Дакумент уступае ў сілу адразу пасля публікацыі ў ватыканскай газеце “L’Osservatore Romano” і будзе ўключаны ў афіцыйныя акты Святога Пасада (Acta Apostolicae Sedis).

13 лістапада 2025, 12:52