Папы і Ліван: пілігрымка Льва XIV па слядах папярэднікаў
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Святы Айцец адправіцца ў Ліван, спаўняючы нерэалізаванае жаданне свайго папярэдніка – Францішка, заўважыў у гістарычным аглядзе Амедэа Ламонака з італьянскай рэдакцыі “Vatican News”. Апостальскае падарожжа пройдзе з 30 лістапада па 2 снежня 2025 года пад дэвізам “Шчаслівыя міратворцы” (Мц 5,10). Пантыфік прыбудзе ў Ліван з пасланнем міру і надзеі – вельмі патрэбным народу, стомленаму дзесяцігоддзямі нестабільнасці і канфліктаў.
Павел VI у бейруцкім аэрапорце
Першым Папам, які ступіў на ліванскую зямлю, быў святы Павел VI. 2 снежня 1964 года ён зрабіў кароткі прыпынак у аэрапорце Бейрута падчас падарожжа ў Індыю. Прылёт Наступніка святога Пятра сустракалі гукі званоў не толькі каталіцкіх, але і праваслаўных храмаў ліванскай сталіцы.
Падчас кароткай цырымоніі прывітання, у якой браў удзел тагачасны прэзідэнт Шарль Элу, Пантыфік пажадаў Лівану заўсёды заставацца верным сваёй цывілізацыйнай місіі і веры. Яго словы слухалі тысячы людзей, якія сабраліся ў аэрапорце. Калі Папа накіроўваўся да самалёта, пачалася цісканіна. Адна жанчына спатыкнулася і ўпала побач з ім. Павел VI дапамог ёй падняцца і сказаў некалькі слоў суцяшэння і падтрымкі. Гэта сцэна трапіла ў фотааб’ектывы карэспандэнтаў, дзякуючы чаму яе ўбачыў увесь свет.
Міратворчае прагненне Яна Паўла І
Ян Павел І не наведаў Ліван, але вельмі хацеў. Пра гэта жаданне расказаў Ватыканскаму радыё праз два дні пасля смерці Папы мараніцкі Патрыярх Антыёхійскі Антуан Харэйш. Паводле іерарха, Альбіна Лучані прагнуў дапамагчы прымірэнню ліванскага народа, які ў тыя гады быў пагружаны ў трагедыю грамадзянскай вайны.
Ян Павел ІІ пра Ліван як “краіну-пасланне”
Узброены грамадзянскі канфлікт у Ліване працягваўся з 1975 па 1990 год і забраў жыцці больш за 150 тысяч чалавек. Касцёл прыкладаў вялікія намаганні, каб паспрыяць прымірэнню народа. З гэтай мэтай 10-11 мая 1997 года краіну наведаў святы Ян Павел ІІ. Спасылаючыся на яе рэлігійную разнастайнасць, Папа падкрэсліваў, што Ліван – “гэта больш, чым краіна – гэта пасланне свабоды і прыклад плюралізму для Усходу і Захаду”. Ён ускладаў вялікую надзею на ліванскую моладзь, заклікаючы яе будаваць масты, а не муры.
Бэнэдыкт XVI: сведчыць перад светам пра магчымасці мірнага суіснавання
Бэнэдыкт XVI наведаў Ліван 14-16 верасня 2012 года з нагоды падпісання паслясінадальнай апостальскай адгартацыі “Ecclesia in Medio Oriente”. Ён заклікаў насельніцтва краіны захоўваць і цаніць сваё рэлігійнае і культурнае багацце.
“Шчаслівае суіснаванне Лівана павінна паказаць усяму Блізкаму Усходу і астатняму свету, што ўнутры краіны можа быць супрацоўніцтва паміж рознымі Цэрквамі, усімі часткамі аднаго Каталіцкага Касцёла, у духу братэрскай еднасці з іншымі хрысціянамі, і адначасова мірнае суіснаванне і паважлівы дыялог паміж хрысціянамі і іх братамі і сёстрамі іншых рэлігій”, - казаў падчас свайго візіту Ёзэф Ратцынгер.
Няспоўненае жаданне Францішка
Хорхэ Бэрголіа не наведаў Ліван, але заўсёды насіў яго ў сваім сэрцы. У 2022 годзе ў Ватыкане паведамлялі, што магчымасць гэтага візіту вывучаецца, а ліванскія палітыкі нават агучвалі яго канкрэтныя даты. Тым не менш, падарожжа так і засталося няспоўненым жаданнем Францішка.
