Пошук

Леў XIV: слухаць Бога, каб навучыцца слухаць адзін аднаго

Толькі слухаючы Пана, мы вучымся па-сапраўднаму слухаць адно аднаго, - сказаў Папа ўдзельніцам генеральных капітулаў Законніц Езуса і Марыі і Місіянерак святога Карла Барамэа, якіх прыняў 6 лістапада 2025 года на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Леў XIV адзначыў, што гэтыя дзве манаскія супольнасці ўзніклі ў розных гістарычных абставінах, але з той самай любові да бедных – да дзяўчат, якія знаходзіліся ў цяжкай сітуацыі, і да мігрантаў.

Святы Айцец заўважыў, што кантэкст, у якім дзейнічалі заснавальнікі гэтых кангрэгацый, не быў простым: Французская рэвалюцыя і трагедыя масавай міграцыі.

“Аднак ніхто з іх не адступіўся і не ўпаў у роспач, нават перад абліччам цяжкасцяў, якія ўзнікалі ўжо пасля заснавання. Таямніца такой вернасці крыецца менавіта ў сустрэчы з Уваскрослым Езусам. З гэтага для іх усё пачалося – і для вас таксама. Адсюль пачынаецца шлях, і адсюль трэба зноў выходзіць у дарогу, калі гэта неабходна, каб з адвагай і настойлівасцю працягваць прысвячаць жыццё справам міласэрнасці”, - сказаў Пантыфік.

Папа заклікаў законніц паставіць Хрыста ў цэнтр сваіх разважанняў, прысвячаючы шмат часу малітве і цішыні. “Падчас капітула самыя важныя натхненні прыходзяць, калі стаім на каленях, а тое, што саспявае ў залах сустрэч, трэба прадставіць і праверыць перад табернакулюмам і ў слуханні Божага слова. Толькі слухаючы Пана, мы вучымся па-сапраўднаму слухаць адно аднаго”, - падкрэсліў Леў XIV.

Пантыфік заўважыў, што толькі так “мы становімся ўсё больш здольнымі шукаць аблічча Бога ў патрабуючых братах і сёстрах” і нават больш за тое – бачыць у іх абяцанне, надзею і аб’яўленне боскай прысутнасці.
 

06 лістапада 2025, 13:33