Пошук

Сустрэча кіраўнікоў устаноў Рымскай курыі з Львом XIV. 10.11.2025 Сустрэча кіраўнікоў устаноў Рымскай курыі з Львом XIV. 10.11.2025  (@Vatican Media)

Пантыфік прапанаваў новы прававы “каркас” для Рымскай курыі

Леў XIV зацвердзіў новы звод правіл для супрацоўнікаў Святога Пасада. Два ключавыя дакументы рэгулююць найм, дысцыпліну і фінансы, уступаючы ў сілу ў 2026 годзе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News.

Ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, 23 лістапада 2025 года, Пантыфік падпісаў новы "Рэгламент для персаналу Рымскай Курыі" і новы "Агульны рэгламент для Рымскай Курыі". Гэтыя грунтоўныя дакументы закліканы уніфікаваць і ўпарадкаваць працоўныя адносіны ў Дзяржаўным сакратарыяце, дыкастэрыях і іншых установах Святога Пасада, робячы акцэнт на прафесіяналізме і эканамічнай празрыстасці.

Каардынацыя і сумесная адказнасць

Асобныя главы рэгламенту прысвечаныя кансісторыям, нарадам кіраўнікоў устаноў, міждыкастэрыяльным сесіям і пастаянным камісіям, што павінна забяспечыць узгоднены курс дзейнасці Курыі і агульнае разуменне прыярытэту Папы.

Дакумент падкрэслівае, што важнейшыя рашэнні і “пытанні выключнай вагі” павінны своечасова выносіцца на разгляд Пантыфіка, а таксама што дыкастэрыі не могуць самастойна змяняць універсальнае права Касцёла без яго спецыфічнага адабрэння.

Генеральны рэгламент падрабязна апісвае працэдуру падрыхтоўкі дакументаў: ад працы офісаў і кансультантаў да абавязковага тэалагічнага і юрыдычнага разгляду ў адпаведных дыкастэрыях перад падачай тэксту Папу.

Перад публікацыяй найбольш значныя тэксты павінны быць прадстаўлены біскупам праз апостальскіх нунцыяў, а затым растлумачаны грамадскасці ў супрацоўніцтве з Дыкастэрыяй па камунікацыі.

Ад архіваў да лічбавых сістэм

Рэгламент надае вялікую ўвагу дакладнаму вядзенню архіваў і пратаколу, патрабуючы належнай аховы дакументаў і рэгулярнай перадачы матэрыялаў у Апостальскі архіў.

Асобны артыкул закранае інфармацыйныя сістэмы: набыццё і выкарыстанне тэхналогій павінна адпавядаць нормам у галіне закупак і праходзіць тэхнічную валідацыю Сакратарыята па эканоміцы.

Асоба і праца ў Курыі

Цэнтральным элементам новага “Рэгламенту для персаналу Рымскай Курыі" становіцца выключная роля Сакратарыята па эканамічных пытаннях. Менавіта гэтая структура цяпер будзе ўзгадняць любы штатны расклад, зацвярджаць бюджэты і даваць дазвол ("nulla osta") на любы найм супрацоўнікаў, ад кіраўнікоў да тэхнічнага персаналу.

Дакумент дакладна вызначае іерархію і падпарадкаванне, падкрэсліваючы, што кожны супрацоўнік, незалежна ад пасады, павінен адпавядаць высокім маральным крытэрыям, вызнаваць каталіцкую веру і мець бездакорную рэпутацыю.

Асобная ўвага надаецца працэдуры прыёму на працу. Для свецкіх супрацоўнікаў уводзіцца абавязковы выпрабавальны тэрмін ад аднаго да двух гадоў, пасля якога прымаецца рашэнне аб канчатковым залічэнні ў штат.

Святары і кансэкраваныя асобы, як правіла, будуць наймацца на пяцігадовы кантракт з магчымасцю аднаразовага падаўжэння, што дазволіць захоўваць ратацыю кадраў і сувязь з мясцовым Касцёлам.

Важным новаўвядзеннем стала строгая забарона на працу сваякоў у адной установе да чацвёртага калена, каб пазбегнуць канфлікту інтарэсаў.

Жорсткія дысцыплінарныя нормы, правілы паводзін і пенсійны ўзрост

Рэгламент дэталёва апісвае абавязкі персаналу, якія выходзяць далёка за межы прафесійных кампетэнцый. Супрацоўнікі Курыі абавязаны захоўваць "службовую таямніцу" і "пантыфікальную таямніцу", а таксама ўстрымлівацца ад любых несанкцыянаваных інтэрв'ю ці каментароў СМІ.

Дакумент забараняе прымаць падарункі, выкарыстоўваць службовае становішча ў прыватных мэтах і нават патрабуе ўзгаднення любой знешняй дзейнасці. Парушэнне гэтых норм цягне за сабой градацыю пакаранняў: ад вуснай заўвагі да звальнення і "звальнення па законе" (destituzione di diritto) у выпадку сур'ёзных злачынстваў.

Вызначаны і межы працоўнай актыўнасці. Кіраўнікі дыкастэрый і сакратары павінны падаваць прашэнне аб адстаўцы ва ўзросце 75 гадоў, у той час як для свецкіх кіраўнікоў мяжа ўстаноўлена на ўзроўні 70 гадоў.

Тэкст таксама ўключае нормы аб водпусках, бальнічных і дэкрэтных адпачынках, гарантуючы сацыяльную абарону, але патрабуючы строгага выканання працоўнага графіку.

Рэгламент зацверджаны "ad experimentum" тэрмінам на пяць гадоў, што пакідае прастору для далейшага ўдасканалення сістэмы кіравання Святым Пасадам.
 

24 лістапада 2025, 12:11