Пошук

Прыватная сустрэча Папы Льва XIV з біскупамі Турцыі Прыватная сустрэча Папы Льва XIV з біскупамі Турцыі  (@Vatican Media)

Леў XIV вярнуўся ў Стамбул: другі дзень падарожжа завершаны

Завяршыўся другі насычаны дзень апостальскага падарожжа Льва XIV у Турцыю. Пасля экуменічнай малітоўнай сустрэчы ў Ізніку ён вярнуўся ў Стамбул, дзе сустрэўся з біскупамі мясцовага Касцёла.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Увечары 28 лістапада 2025 года верталёт даставіў Папу з Ізніка ў стамбульскі аэрапорт імя Атацюрка. Адтуль Пантыфік накіраваўся ў апостальскую дэлегатуру, дзе яго сустрэлі іерархі мясцовага Касцёла, з якімі ён правёў прыватны дыялог і павячэраў.

Структура Каталіцкага Касцёла ў Турцыі ўключае лацінскую архідыяцэзію ў Ізміры, апостальскія вікарыяты Анатоліі і Стамбула, дзве архідыяцэзіі — армянскую і халдэйскую, а таксама два экзархаты: грэка-каталіцкі і сірыйскі.

Прыватная сустрэча Льва XIV з біскупамі Турцыі
Прыватная сустрэча Льва XIV з біскупамі Турцыі   (@Vatican Media)

Наперадзе ў Льва XIV – трэці дзень апостальскага падарожжа, які ён правядзе ў Стамбуле. Раніцай 29 лістапада 2025 гоад ён наведае знакамітую Мячэць Султана Ахмета (Блакітную мячэць), а таксама правядзе прыватную сустрэчу з кіраўнікамі хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцей у сіра-праваслаўнай царкве святога Яфрэма.

У другой палове дня Папа прыме ўдзел у даксалогіі ў патрыяршай царкве святога Георгія. У патрыяршай рэзідэнцыі ён сустрэнецца з Барталамеем І і падпіша з ім сумесную дэкларацыю. Дзень завершыцца святой Імшой на “Volkswagen Arena”, на якой збяруцца вернікі розных нацыянальнасцей і традыцый.

28 лістапада 2025, 19:50