Пошук

Леў XIV: хор – вобраз Касцёла, які славіць Бога і дапамагае бліжняму

Будзьце знакам малітвы Касцёла, які праз прыгажосць музыкі выказвае сваю любоў да Бога, - заклікаў Папа ўдзельнікаў Юбілею Хораў і Музычных Калектываў падчас святой Імшы, якую цэлебраваў 23 лістапада 2025 года, ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік нагадаў, што літургія заклікае з пакланеннем і радасцю наблізіцца да Пана Езуса – Валадара Сусвету, сіла Якога – Яго любоў, трон – крыж, а праз крыж Яго Валадарства распаўсюджваецца ў свеце. “Гэта любоў таксама з’яўляецца натхненнем і прычынай нашага спеву”, - сказаў Папа, звяртаючыся да прадстаўнікоў хораў.

Леў XIV адзначыў, што музыка спрадвеку дазваляе выказаць тое, што мы носім у глыбіні сваіх сэрцаў і што не заўсёды можна перадаць словамі. “Літургічная музыка, такім чынам, становіцца вельмі каштоўнай прыладай, праз якую мы выконваем служэнне праслаўлення Бога і выражаем радасць новага жыцця ў Хрысце”, - дадаў ён.


Па словах Папы, “належаць да хору значыць ісці наперад разам, трымаючы за руку братоў, дапамагаючы ім ісці разам з намі і спяваючы разам з імі”. “Спеў нагадвае нам, што мы з’яўляемся Касцёлам, які знаходзіцца ў дарозе, сапраўднай сінадальнай рэальнасцю, здольнай дзяліцца з усімі пакліканнем да праслаўлення і радасці ў пілігрымцы любові і надзеі”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што “розныя галасы хору ствараюць гармонію паміж сабой, даючы жыццё адзінаму праслаўленню, ззяючаму сімвалу Касцёла, які ў любові яднае ўсіх у адну ласкавую мелодыю”.


“Хор у пэўным сэнсе з’яўляецца сімвалам Касцёла, які, на шляху да сваёй мэты, крочыць праз гісторыю, праслаўляючы Бога. Хоць часам гэты шлях поўны цяжкасцяў і выпрабаванняў, і побач з радаснымі момантамі чаргуюцца іншыя, больш цяжкія, спевы палягчаюць падарожжа і прыносяць суцяшэнне ды супакой”, - сказаў Папа.

“Таму намагайцеся ўсё больш ператвараць вашы хоры ў цуд гармоніі і прыгажосці, усё больш станавіцеся светлым вобразам Касцёла, які праслаўляе свайго Пана. Старанна вывучайце Вучэнне, якое ў дакументах Сабора акрэслівае прынцыпы для лепшага выканання вашага служэння. У першую чаргу будзьце здольнымі ўсё больш залучаць да ўдзелу Божы народ, не паддаючыся спакусе выхвалення, якое выключае актыўны ўдзел у спеве ўсёй літургічнай асамблеі”, - заахвоціў Папа.

“Будзьце, такім чынам, красамоўным знакам малітвы Касцёла, які праз прыгажосць музыкі выказвае сваю любоў да Бога. Чувайце, каб ваша духоўнае жыццё заўсёды адпавядала вышыні служэння, якое выконваеце, каб яно магло па-сапраўднаму выражаць ласку літургіі”, - сказаў Пантыфік, давяраючы касцельных музыкаў і харыстаў апецы святой Цэцыліі, апякункі касцельнай музыкі.
 

23 лістапада 2025, 11:35