Святы Айцец узначаліць Імшу ў Латэранскай базіліцы
Марыя Валодзіна - Vatican News
Як паведаміў Вікарыят Рымскай дыяцэзіі, у наступную нядзелю, 9 лістапада 2025 года, у 9:30 гадзін, Леў XIV узначаліць урачыстую Імшу ў Базіліцы святога Яна на Латэране з нагоды гадавіны яе асвячэння. Музычнае суправаджэнне падчас літургіі забяспечаць хор Рымскай дыяцэзіі і хор Сікстынскай капэлы. Увайсці ў базіліку можна будзе з 7:00 да 8:45. Для ўдзелу неабходна атрымаць бясплатныя білеты ў літургічным упраўленні Вікарыята да 6 лістапада. Канцэлебраваць Імшу запрашаюцца святары Рымскай дыяцэзіі, якія адзначаюць дзясятую, пяцідзясятую і шасцідзясятую гадавіну святарскага пасвячэння.
Базіліка святога Яна на Латэране была пабудавана імператарам Канстанцінам і асвечана 9 лістапада 324 года Папам Сільвестрам І. Яна стала першай хрысціянскай святыняй, у якой вернікі маглі адкрыта праводзіць набажэнствы. Першапачаткова яна была прысвечана Найсвяцейшаму Збаўцу, а затым, праз стагоддзі, святому Яну Хрысціцелю і святому Яну Евангелісту. Афіцыйная назва святыні – Папская архібазіліка Найсвяцейшага Збаўцы і святых Яна Хрысціцеля і Яна Евангеліста на Латэране. Базіліка таксама носіць тытул “Маці і галавы ўсіх касцёлаў горада і свету” (Omnium Urbis et Orbis Ecclesiarum Mater et Caput).
