Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Леў XIV: прадпрымальнік таксама можа быць святым

“Касцёл нагадвае, што эканоміка – гэта не самамэта, а істотны, хоць і частковы, элемент сацыяльнай структуры, у якой разгортваецца Божы план любові да кожнага чалавека”, - напісаў Папа Леў XIV у сваім пасланні да ўдзельнікаў 31-й Аргенцінскай прамысловай канферэнцыі.

Ян Глінскі

Святы Айцец спаслаўся на энцыкліку Льва XIII “Rerum Novarum”, вучэнне якой “нарадзілася ў часы глыбокай прамысловай трансфармацыі” і “застаецца надзвычай актуальным у глабалізаваным свеце, у якім годнасць работніка пастаянна парушаецца”.

Услед за сваім папярэднікам Леў XIV нагадаў, што справядлівая зарплата матывуе працаўнікоў развіваць “большую любоў да зямлі, якую яны апрацоўваюць сваімі рукамі, – зямлі, з якой яны чэрпаюць свае сродкі і годнасць”. На думку Пантыфіка, поспех бізнесу вымяраецца не толькі эканамічнымі катэгорыямі, але таксама клопатам пра стварэнне і спрыяннем развіццю чалавека.

Прыкладам для сучасных прадпрымальнікаў, як нагадаў Папа, можа быць Слуга Божы Энрыке Шоў – аргенцінскі прадпрымальнік, які лічыў прамысловасць не проста вытворчым механізмам, які прыносіць грошы. У яго разуменні, рэнтабельнасць – гэта “не абсалютная каштоўнасць”, а “важны элемент падтрымкі гуманнага, справядлівага і салідарнага прадпрыемства”.

Энрыке Шоў “прасоўваў справядлівую заработную плату, запускаў праграмы навучання, клапаціўся пра здароўе работнікаў і суправаджаў іх сем’і ў самых канкрэтных патрэбах”.

Па словах Льва XIV, “эканамічная эфектыўнасць і вернасць Евангеллю не выключаюць адно аднаго”. Жыццё Слугі Божага Энрыке Шоў стала сведчаннем таго, што “міласэрнасць можа пранізваць нават прамысловыя і фінансавыя структуры”. Пантыфік нагадаў сучасным прадпрымальнікам, што “святасць павінна квітнець менавіта там, дзе прымаюцца рашэнні, якія ўплываюць на жыццё тысяч сем’яў”. На яго думку, “свету вельмі патрэбныя прадпрымальнікі і кіраўнікі, якія з любові да Бога і бліжняга будуць працаваць дзеля эканомікі, што служыць агульнаму дабру”.
 

14 лістапада 2025, 09:14