Пошук

Леў XIV: касцельнае права служыць праўдзе і збаўленню душ

“Кожны вернік, кожная сям’я, кожная супольнасць мае патрэбу ў праўдзе адносна ўласнай касцельнай сітуацыі, каб мець магчымасць добра ісці шляхам веры і любові”, - нагадаў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

21 лістапада 2025 года Леў XIV прыняў у Ватыкане ўдзельнікаў фармацыйнага курса, які Трыбунал Рымскай Роты арганізаваў з нагоды дзясятай гадавіны рэформы кананічнага працэсу адносна сітуацыі сужэнства, заключанага ў Касцёле, праведзенай Папам Францішкам.

Пантыфік пажадаў, каб у такіх працэсах улічвалася ўзаемасувязь трох фундаментальных вымярэнняў: эклезіялагічнага, прававога і душпастырскага. Нярэдка гэтыя тры сферы ўспрымаюцца як абсалютна асобныя і нават супрацьлеглыя адна адной, але гэта прыводзіць да страты гармоніі, якая ўтвараецца, калі ўсе яны прызнаюцца часткай адной і той жа рэальнасці, - сказаў ён.

З прычыны неразумення гэтай узаемасувязі існуе меркаванне, што працэсы аб сітуацыі сужэнства – гэта выключна тэхнічныя працэдуры, якія цікавяць толькі спецыялістаў, або меры, накіраваны яна тое, каб як мага хутчэй ліквідаваць перашкоды для заключэння іншага сужэнства. Па словах Папы, такі падыход з’яўляецца павярхоўным, бо ігнаруе эклезіялагічныя перамовы працэса і яго душпастырскае значэнне.

Гаворачы пра эклезіялагічныя перадумовы працэсаў, Леў XIV нагадаў, што правасуддзе, якое ажыццяўляецца ў імя Хрыста, служыць праўдзе. “Кожны вернік, кожная сям’я, кожная супольнасць мае патрэбу ў праўдзе адносна ўласнай касцельнай сітуацыі, каб мець магчымасць добра ісці шляхам веры і любові”, - падкрэсліў ён.

Святы Айцец адзначыў, што Езус – лагодны і міласэрны Суддзя – павінен быць прыкладам для касцельных суддзяў. Ён заўважыў, што чалавечае меркаванне адносна несапраўднасці сужэнства не павінна скажацца фальшывай міласэрнасцю, а любыя дзеянні, якія супярэчаць служэнню праўдзе, павінны лічыцца несправядлівымі.

“Менавіта ў правільным ажыццяўленні судовай улады павінна праяўляцца сапраўдная міласэрнасць”, - сказаў ён, дадаючы, што рэформа, накіраваная на даступнасць і паскарэнне працэсаў, з’яўляецца праявай справядлівасці і міласэрнасці, аднак ніколі не за кошт праўды.

Пантыфік нагадаў, што пры разглядзе кананічных спраў аб сужэнстве неабходны рэалізм і ўсведамленне дзеяння на карысць праўды канкрэтнага саюза, распазнаючы перад Панам прысутнасць таямніцы “una caro” – непарыўнасці, якая застаецца на працягу ўсяго зямнога жыцця сужонкаў, нягледзячы на любыя няўдачы ў іх адносінах.

“Гэта праўда, што ў Касцёле, як, дарэчы, і ў грамадзянскай супольнасці, трэба імкнуцца знаходзіць пагадненні, якія, гарантуючы справядлівасць, вырашаюць спрэчкі шляхам медыяцыі і прымірэння. Вельмі важным у гэтым сэнсе з’яўляецца намаганне садзейнічаць прымірэнню паміж мужам і жонкай, у тым ліку з выкарыстаннем, калі гэта магчыма, кананічнага пацвярджэння сапраўднасці сужэнства”, - сказаў Святы Айцец, дадаючы, што часам працэс з’яўляецца неад’емнай умовай устанаўлення праўды і справядлівасці.

Папа адзначыў, што душпастырская апека не можа ігнараваць або абясцэньваць працу касцельных судоў, а апошнія не павінны забываць, што іх канкрэтны ўклад з'яўляецца часткай працы, накіраванай на садзейнічанне дабрабыту сем'яў. 

Пантыфік сцвердзіў, што тры вымярэнні кананічнага працэсу – эклезіялагічнае, прававое і душпастырскае – павінны быць накіраваны на збаўленне душаў, якое з’яўляецца найвышэйшым законам і мэтай кананічных працэсаў у Касцёле.
 

21 лістапада 2025, 12:57