Леў XIV на шляхах адзінства і міру
Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Марыя Валодзіна
Як гэта было для Бэнэдыкта XVI з Сусветнымі днямі моладзі ў Кёльне ў 2005 годзе і для Францішка з СДМ у Рыа-дэ-Жанэйра ў 2013 годзе, таксама і Леў XIV накіруецца ў сваё першае апостальскае падарожжа ў напрамку, вызначаным яго папярэднікам: у турэцкі Ізнік – абавязковы прыпынак для ўшанавання 1700-годдзя Першага Нікейскага Сабора, і ў змучаны Ліван, каб выканаць абяцанне, якое Францішку не дазволілі выканаць войны і хвароба.
Першае апостальскае падарожжа заўсёды Папы пакідае след у яго пантыфікаце: так было з Паўлам VI, які ў студзені 1964 года здзейсніў гістарычную пілігрымку ў Святую Зямлю, дзе абняў Патрыярха Канстанцінопальскага Афінагора. Так было з Янам Паўлам II, які паехаў у Мексіку, у Пуэблу. Так было з Францішкам, які абняў мільёны маладых хлопцаў і дзяўчат у Бразіліі.
Па дзіўным супадзенні, падарожжа, якое распачнецца ў бліжэйшыя гадзіны і прывядзе Льва XIV спачатку ў Анкару, Стамбул і Ізнік, а потым у Бейрут, уяўляе сабой геаграфічны сінтэз двух асноўных напрамкаў, якія вызначыліся ў першыя месяцы пантыфікату: адзінства і мір.
Першы этап апостальскага падарожжа пройдзе пад знакам адзінства: Папа ўшануе памяць пра Сабор, які незваротна пазначыў гісторыю Касцёла, абвясціўшы веру ў Езуса Хрыста Сына Божага. Не мае сэнсу хаваць: трэба звярнуць позірк на сустрэчу ў Нікеі і адначасова на рану падзеленага Касцёла, якая працягвае крывавіць і ў апошнія гады стала сведкам новых разрываў. Вяртанне жывой памяці да таго часу, калі Цэрквы былі аб'яднаныя, да Сабора, які быў скліканы ў тым ліку і дзеля вызначэння адзінай даты святкавання Вялікадня, з’яўляецца знакам надзеі. Адзінства Касцёла, адзінства паміж Цэрквамі, экуменічны дыялог, вяртанне да каранёў Евангелля, Айцоў, першых Сабораў – гэта спосаб дазволіць словам Езуса закрануць сябе: “каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне". Адзінства хрысціян мае неацэннае значэнне не толькі для абвяшчэння Евангелля. Яно важнае і для міру ва ўсім свеце.
Таго міру, якога ўсё яшчэ не хапае менавіта на зямлі, дзе Езус пражыў сваё зямное жыццё, якога не хапае на ізраільскіх і палесцінскіх землях, які адсутнічае ў Ліване, які бамбяць ізраільскія войскі, каб супрацьстаяць байцам “Хезбалы”. Другі этап падарожжа прывядзе Льва XIV у рэгіён, пазначаны канфліктамі, якія забралі велізарную колькасць чалавечых жыццяў, асабліва мірных жыхароў, асабліва дзяцей. Папа, першымі словамі якога сталі словы Уваскрослага Езуса “Супакой вам!”, на пачатку свайго пантыфікату едзе дакрануцца да ран народа, які дзесяцігоддзямі не ведае міру. Ён едзе, каб прынесці сваё бяззбройнае сведчанне туды, дзе да гэтых дзён гучыць злавесны грукат бомбаў, каб сказаць “не” непазбежнасці вайны, нянавісці, насілля. Ён едзе, каб суцешыць хрысціян, якія жывуць у гэтай і суседніх краінах, і якія адчуваюць спакусу пакінуць сваю зямлю, каб нагадаць, наколькі каштоўная іх прысутнасць і іх сведчанне братэрства і мірнага суіснавання з прадстаўнікамі іншых рэлігій.
