Леў XIV – бэнэдыктынам: шукаць Бога і весці людзей да Яго

Паставіць Хрыста ў цэнтр нашага жыцця і місіі, - заклікаў Леў XIV падчас святой Імшы, якую цэлебраваў 11 лістапада 2025 года ў рымскім касцёле святога Анзэльма на Авенціне з нагоды 125-годдзя яго кансэкрацыі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік заўважыў у гаміліі, што стварэнню касцёла святога Анзэльма і міжнароднага бэнэдыктынскага калегіума пры ім спрыяў Леў XIII, які быў перакананы, што гэты “старажытны ордэн можа аказаць вялікую дапамогу ўсяму Божаму народу ў час, багаты на выклікі, якім быў пераход ад ХІХ да ХХ стагоддзя”.

Кляштары – месцы міру і адзінства

Папа адзначыў, што манаства з самага свайго пачатку стварала “ачагі малітвы, працы і дабрачыннасці ў самых аддаленых і цяжкадаступных мясцінах, часта ператвараючы спустошаныя землі ва ўрадлівыя і багатыя з сельскагаспадарчага і эканамічнага пункту гледжання, але ў першую чаргу – з духоўнага”. Ён нагадаў, што нават у самыя цёмныя перыяды гісторыі кляштары заставаліся месцамі развіцця, міру, гасціннасці і адзінства.

Адказаць на выклікі, паставіўшы ў цэнтр Хрыста

Леў XIV падкрэсліў, што і наша эпоха багатая на выклікі, адказаць на якія можна толькі тады, калі ставіць Хрыста ў цэнтр жыцця і місіі. Ён пажадаў, каб калегіум і касцёл святога Анзэльма былі “пульсуючым сэрцам вялікага бэнэдыктынскага свету”, што спрыяе пашырэнню духоўнасці і ўмацаванню веры паводле біблійных вобразаў ракі, якая выцякае са святыні, і святыні, пабудаванай на скале, якой ёсць Хрыстус.

Пантыфік пажадаў, каб бэнэдыктынскі духоўны цэнтр працягваў выконваць сваю прароцкую місію ў Касцёле і свеце, нагадваючы хрысціянам пра заданне абвяшчаць дзівосныя справы Бога, які паклікаў нас з цемры да свайго цудоўнага святла.

Касцёл – адчыненая брама ў вечнасць

Спаслаўшыся на юбілей касцёла, Папа адзначыў, што кансэкрацыя – гэта ўрачысты момант у гісторыі святыні, калі яна прысвячаецца, каб быць месцам сустрэчы паміж прасторай і часам, паміж канечным і бясконцым, паміж чалавекам і Богам: адчыненай брамай у вечнасць, дзе душа знаходзіць адказ на напружанне паміж імгненнем і вечнасцю, у сустрэчы паміж паўнатой і мяжой, што суправаджае наш зямны шлях.

Людзі шукаюць Бога – дапаможам прыйсці да Яго

“Гэта досвед нашага жыцця і жыцця кожнага чалавека ў гэтым свеце, які шукае той апошні і фундаментальны адказ на пытанне, што “ні цела, ні кроў” не могуць адкрыць, а толькі Айцец, што ў нябёсах”, - сказаў Папа, дадаючы, што канчатковым выніку гаворка ідзе пра патрэбу кожнага чалавека ў Езусе, “Хрысце, Сыне Бога жывога”.

“Яго мы пакліканы шукаць і да Яго прыводзіць усіх, каго сустракаем, удзячныя за дары, якімі Ён нас адарыў, а перадусім – за любоў, якой Ён нас апярэдзіў. Няхай гэты храм становіцца ўсё больш месцам радасці, дзе перажываецца прыгажосць дзялення з іншымі тым, што атрымана бясплатна”, - пажадаў на заканчэнне гаміліі Святы Айцец.
 

11 лістапада 2025, 17:49