Пошук

Касцёл святога Анзэльма на Авенціне Касцёл святога Анзэльма на Авенціне  (Vatican Media)

Юбілей касцёла святога Анзэльма з удзелам Папы

11 лістапада 2025 года Леў XIV узначаліць Імшу ў рымскім касцёле святога Анзэльма на Авенціне з нагоды 125-й гадавіны яго кансэкрацыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Зала Друку Апостальскай Сталіцы, адказваючы на пытанні журналістаў, паведаміла, што Папа, які паводле свайго звычаю правёў вечар панядзелка ў Кастэль Гандольфа, сёння, 11 лістапада 2025 года, у 17.00 узначаліць святую Імшу. Перад вяртаннем у Ватыкан ён наведае касцёл святога Анзэльма на Авенціне.

Нагодай для ўрачыстасці з’яўляецца 125-я гадавіна кансэкрацыі гэтай святыні. Касцёл святога Анзэльма – гэта храм у неараманскім стылі, пабудаваны ў 1893-1896 гадах. Бенедыктынская супольнасць, якая ім апякуецца, вядомая сваёй традыцыяй грыгарыянскага спеву падчас нядзельных Нешпараў.

Гэты касцёл таксама з’яўляецца месцам, адкуль у Папяльцовую сераду Пантыфік традыцыйна ўзначальвае пакутную працэсію да базілікі святой Сабіны, дзе цэлебруе першую стацыйную Імшу перыяду Вялікага посту.
 

11 лістапада 2025, 09:53