Пошук

Папа ў царкве святога Георгія ў Стамбуле: адзінства – мой прыярытэт

Раніцай 30 лістапада 2025 года Леў XIV прыняў удзел ва ўрачыстай Боскай Літургіі ў патрыяршай царкве святога Георгія ў Стамбуле. Набажэнства ўзначаліў Патрыярх Барталамей І. Папа маліўся разам з духавенствам і вернікамі, а потым звярнуўся да іх з прамовай.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пасля завяршэння літургіі Пантыфік выступіў з прамовай, у якой узгадаў апостала Андрэя – нябеснага апекуна Канстантынопальскай Праваслаўнай Царквы, які, паводле старажытнай традыцыі, прынёс Евангелле ў гэты горад. Ён падкрэсліў, што вера, сфармуляваная на Сусветных Саборах і прызнаная ў Нікейска-Канстантынопальскім сімвале веры, з’яўляецца агульнай для ўсіх хрысціян і дазваляе ім “прызнаваць адно аднаго братамі і сёстрамі”.

Гісторыя непаразуменняў і нават канфліктаў, асабліва падзел 1054 года, стварылі перашкоды, якія і сёння перашкаджаюць дасягнуць поўнай еднасці. Аднак нельга аслабляць імкнення да адзінства. Шэсцьдзесят гадоў таму Павел VI і Патрыярх Афінагор зрабілі гістарычны крок, абвясціўшы пра зняцце ўзаемных адлучэнняў 1054 года. Гэта паклала пачатак новай эпохі прымірэння і дыялогу. Сёння, дзякуючы тэалагічнаму дыялогу і пастаянным сустрэчам, зроблены істотныя крокі ў напрамку глыбейшага ўзаемнага разумення, - нагадаў Святы Айцец.

Прамова Папы
Прамова Папы   (@Vatican Media)

У сувязі з гэтым ён падкрэсліў неабходнасць працягваць працу Змешанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі. “Я спадзяюся, што будуць прыкладзены ўсе намаганні для таго, каб усе аўтакефальныя Праваслаўныя Цэрквы вярнуліся і прынялі актыўны ўдзел у гэтым пачынанні”, - сказаў Пантыфік.

Леў XIV нагадаў, што пошук поўнага адзінства ўсіх ахрышчаных у імя Айца, Сына і Святога Духа – адзін з галоўных прыярытэтаў яго служэння. Паважаючы легітымныя адрозненні і традыцыі, неабходна будаваць еднасць у духу любові і братэрства.

Леў XIV з Патрыярхам Барталамеем I
Леў XIV з Патрыярхам Барталамеем I   (@Vatican Media)

Папа звярнуў увагу на сучасныя выклікі, якія стаяць перад усімі хрысціянамі. Першы – гэта крывавыя войны і гвалт у свеце. Католікі і праваслаўныя пакліканы быць міратворцамі, разумеючы, што сапраўдны мір – гэта не проста плён чалавечых намаганняў, а дар Божы, які патрабуе малітвы, пакаяння, сузірання і жывых адносін з Панам. Другі выклік – экалагічны крызіс. Хрысціяне пакліканы спрыяць фармаванню новай свядомасці, каб кожны ўсведамляў адказнасць за Зямлю і стварэнне, якое Бог даверыў нам. Трэці важны выклік – развіццё новых тэхналогій, асабліва ў сферы камунікацыі. Яны могуць служыць агульнаму дабру, але патрабуюць адказнага выкарыстання і даступнасці для ўсіх, а не толькі для прывілеяваных груп. Усе хрысціяне, прадстаўнікі іншых рэлігій і людзі добрай волі павінны гарманічна супрацоўнічаць у імя агульнага дабра.

Завяршаючы свой зварот, Святы Айцец выказаў удзячнасць Патрыярху Барталамею I за гасціннасць і павіншаваў з урачыстасцю святога апекуна. Давяраючы ўсіх прысутных заступніцтву апостала Андрэя Першазванага і яго брата святога Пятра, святога велікамучаніка Георгія, айцоў Нікейскага Сабора і многіх святых пастыраў “старажытнай і слаўнай” Канстанцінопальскай Царквы, ён заклікаў Бога благаславіць іх. “Hrònia Pollà! Ad multos annos!” (“Многія гады!”) – пажадаў Папа па-грэчаску і на латыні.

Сумеснае благаслаўленне вернікаў
Сумеснае благаслаўленне вернікаў

 

30 лістапада 2025, 10:33