Пошук

Самалёт кампаніі ITA Airways на шляху ў Турцыю Самалёт кампаніі ITA Airways на шляху ў Турцыю 

Пантыфік благаславіў краіны, над якімі пралягаў маршрут яго палёту

Пралятаючы над тэрыторыяй Італіі, Харватыі, Босніі і Герцагавіны, Чарнагорыі, Сербіі і Балгарыі Пантыфік накіраваў традыцыйныя тэлеграмы кіраўнікам гэтых краін.

Марыя Валодзіна - Vatican News

27 лістапада 2025 года Леў XIV адправіўся ў сваё першае апостальскае падарожжа, у рамках якога наведае Турцыю і Ліван. Перад адлётам з Рыма ён накіраваў тэлеграму прэзідэнту Італьянскай Рэспублікі Сэрджа Матарэле, у якой выказаў пажаданні “грамадзянскага, сацыяльнага і духоўнага прагрэсу любай Італіі”. Ён падкрэсліў, што мэта яго падарожжа — сустрэча з турэцкім і ліванскім народам, асабліва з братамі і сёстрамі ў веры, каб “заахвочваць шляхі міру і братэрства”.

У адказ прэзідэнт Італіі Сэрджа Матарэла накіраваў Папу пасланне, у якім падзякаваў за тэлеграму, пажадаў паспяховай місіі і запэўніў у сваёй глыбокай пашане і павазе. “Пілігрымка ў старажытную Нікею, з нагоды 1700-годдзя першага Сусветнага Сабора, і іншыя значныя сустрэчы, запланаваныя ў праграме, выклікаюць пачуцці надзеі і даверу ва ўсіх тых, хто падзяляе імкненне да павагі чалавечай годнасці і фундаментальнага права на рэлігійную свабоду. На такіх перадумовах экуменізму і дыялогу паміж рэлігіямі знаходзяць трывалыя падставы таксама і перспектывы мірнага суіснавання паміж народамі”, - гаворыцца ў пасланні.

Матарэла адзначыў, што падчас апостальскага падарожжа Пантыфік наведае землі з даўняй і жывой хрысціянскай традыцыяй, дзе на працягу стагоддзяў сустракаліся розныя народы і культуры. Яго сведчанне прынясе суцяшэнне людзям добрай волі, якія адмаўляюцца ад гвалту і прыгнёту, і падтрымае тых, хто імкнецца да дыялогу і агульнага дабра. Міжрэлігійная гармонія і культурны плюралізм былі асновай цывілізацый Міжземнамор’я, і прысутнасць Папы ў Турцыі і Ліване можа ажывіць прынцыпы адзінства і чалавечага братэрства, - напісаў прэзідэнт Італіі.

Па традыцыі, падчас палёту Святы Айцец накіраваў тэлеграмы кіраўнікам дзяржаў, над тэрыторыяй якіх пралятаў яго самалёт. Сярод іх былі Харватыя, Боснія і Герцагавіна, Чарнагорыя, Сербія і Балгарыя.

Звяртаючыся да прэзідэнта Харватыі Зорана Міланавіча, Папа пажадаў харвацкаму народу “багатых благаслаўленняў”, суправаджаючы пажаданне малітвай да Усемагутнага Бога аб “дары міру і радасці” для ўсёй краіны.

У тэлеграме на імя старшыні Прэзідыума Босніі і Герцагавіны Жэлькі Комшыча Леў XIV запэўніў яго ў сваіх малітвах і заклікаў для краіны благаслаўлення “адзінства, братэрства і згоды”.

Пралятаючы над Чарнагорыяй, Папа накіраваў прывітанне прэзідэнту Якаву Мілатавічу і запэўніў яго у сваіх малітвах “аб міры і дабрабыце нацыі”.

У пасланні кіраўніку Сербіі Аляксандру Вучычу Леў XIV запэўніў у сваёй малітоўнай падтрымцы, жадаючы краіне “міру і адзінства”.

У тэлеграме, адрасаванай прэзідэнту Балгарыі Румену Радзеву, Папа запэўніў у сваіх малітвах "аб дарах адзінства, радасці і міру".

27 лістапада 2025, 10:38