Пошук

Папа: служэнне “Саritas” робіць сведчанне Касцёла больш пераканаўчым

Любоў, якую мы атрымліваем ад Хрыста, ніколі не з’яўляецца прыватным скарбам, а заўсёды місіяй, даручанай нашым рукам, - нагадаў Папа падчас сустрэчы з кіраўніцтвам “Caritas Internationalis”.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Ад самага свайго заснавання “Caritas Internationalis” з’яўляецца ўвасабленнем абвяшчэння Касцёла пра тое, што “Хрыстус аддае перавагу бедным, малым, пакінутым і адрынутым”, - падкрэсліў Леў XIV 21 лістапада 2025 года, прымаючы на аўдыенцыі ў Ватыкане членаў Кіраўнічай рады гэтай найбуйнейшай дабрачыннай арганізацыі Касцёла, якая дзейнічае у больш чым 200 краінах свету. 

“Гэту візію можна ўбачыць у самой Эўхарыстыі, дзе Пан “палюбіўшы сваіх у свеце, дарэшты палюбіў іх”. У маёй Апостальскай адгартацыі “Dilexi te” я разважаў пра гэту таямніцу: любоў, якую мы атрымліваем ад Хрыста, ніколі не з’яўляецца прыватным скарбам, а заўсёды місіяй, даручанай нашым рукам. Любоў пасылае нас; любоў робіць нас слугамі; любоў адкрывае нашы вочы на раны іншых”, - сцвердзіў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што “Caritas Internationalis” здаўна з’яўляецца ззяючым знакам мацярынскай любові Касцёла і дапамагае Наступніку святога Пятра, служачы кожнаму чалавеку з годнасцю. “Ваша місія адлюстроўвае бачанне, якім я падзяліўся ў сваім першым звароце да дыпламатычнага корпуса, калі казаў пра тры стаўпы, на якія абапіраецца праца Касцёла ў свеце: мір, справядлівасць і праўда”, - сказаў ён.

“Гэтыя стаўпы – не абстрактныя ідэалы. Гэта штодзённая праца “Caritas”. Дзе б вы не суправаджалі сем’і, якія пакінулі свой дом, абаранялі правы бедных, прапаноўвалі слухаючае сэрца забытым, сведчанне Касцёла становіцца ўсё больш пераканаўчым. У гэтым духу я заклікаю вас працягваць суправаджаць мясцовыя Касцёлы, умацоўваючы фармацыю свецкіх лідараў і захоўваючы адзінства ў вашай шматграннай арганізацыі. Місія Касцёла раскрываецца толькі тады, калі мы ідзём разам, як спадарожнікі на шляху, дазваляючы Святому Духу фармаваць нашы ўчынкі міласэрнасці”, - падкрэсліў Леў XIV.
 

21 лістапада 2025, 10:10