Пантыфік: Хрыстус – компас для каталіцкай адукацыі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пантыфік падкрэсліў, што хрысціянская тоеснасць каталіцкіх навучальных устаноў – гэта не дэкаратыўная эмблема, а “сама аснова, якая дае сэнс, метад і мэту адукацыйнаму працэсу”.
“Як бывае з маракамі: калі страціць з вачэй пуцяводную зорку, часта карабель пачынае сыходзіць у дрэйф. Для хрысціянскага выхавання компасам з’яўляецца Хрыстус. Без Яго святла сама місія выхавання пазбаўляецца сэнсу і становіцца аўтаматызмам, пазбаўленым той пераўтваральнай сілы, якую нам дае Евангелле”, - сцвердзіў Папа.
Святы Айцец заўважыў, што сапраўдная адукацыя павінна спрыяць узаемадзеянню паміж верай і розумам. “Гэта не супрацьлеглыя полюсы, але ўзаемадапаўняльныя шляхі для разумення рэальнасці, фармавання характару і развіцця інтэлекту. Таму фундаментальна, каб адукацыйны досвед прасоўваў метады, якія ўключаюць навукі і гісторыю, а таксама этыку і духоўнасць”, - сказаў ён.
Леў XIV нагадаў пра мацярынскую ролю Касцёла ў адукацыі, сфармуляваную Другім Ватыканскім Саборам. Касцёл – гэта Маці і Нявеста Хрыста, - заўважыў Папа, нагадваючы пра місію Касцёла, давераную яму яго Найсвяцейшым Заснавальнікам: “нараджаць дзяцей, выхоўваць іх і падтрымліваць, кіруючы з мацярынскай руплівасцю жыццём людзей і народаў”.
Спаслаўшыся на 60-ю гадавіну саборнай дэкларацыі “Gravissimum educationis”, Папа заклікаў педагогаў успрымаць сваю працу як частку асноўнай місіі Касцёла.
“Адукацыя – гэта не проста вартая пахвалы філантрапічная дзейнасць, накіраваная на вырашэнне сацыяльнай праблемы, але важная частка тоеснасці і паклікання Касцёла”, - падкрэсліў Святы Айцец.
