Пошук

Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота  (@Vatican Media)

Папа: Касцёл можа ўвасабляць мару пра прыміранае чалавецтва

Касцёл, дом розных народаў, можа стаць знакам таго, што мы не асуджаныя жыць у няспынным канфлікце, і можа ўвасабляць мару пра чалавецтва, паяднанае, прыміранае, якое жыве ў згодзе, - перакананы Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

20 лістапада 2025 года пабачыла свет кніга “Сіла Евангелля. Хрысціянская вера ў дзесяці словах” (“La forza del Vangelo. La fede cristiana in 10 parole”). Яна выйшла ў ватыканскім выдавецтве “LEV” і з’яўляецца анталогіяй тэкстаў Льва XIV, у цэнтры якіх знаходзяцца дзесяць ключавых слоў: Хрыстус, сэрца, Касцёл, місія, адзінства, мір, бедныя, уразлівасць, справядлівасць і надзея. Пантыфік асабіста напісаў прадмову да выдання, у якой патлумачыў сувязь паміж Хрыстом, адзінствам і мірам.

“Перш за ўсё – цэнтральнае месца Хрыста. Кожны ахрышчаны атрымаў дар сустрэчы з Ім, да кожнага дакрануліся Яго святло і ласка. Вера – гэта менавіта прыняцце Езуса ў наша жыццё, не тытанічныя намаганні, каб дасягнуць звышнатуральнага Бога, а адкрыццё таго, што Божае аблічча знаходзіцца недалёка ад нашых сэрцаў”, - напісаў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў, што Бог стаў блізкім да нас у Езусе Хрысце – у тым “Чалавеку, які нарадзіўся ў Бэтлееме, памёр у Ерузалеме, уваскрос і жыве сёння”. “Таямніца хрысціянства заключаецца ў тым, што гэты Бог прагне паяднацца з намі, быць нашым блізкім, стаць нашым сябрам. Каб мы станавіліся Ім”, - падкрэсліў Папа, адзначаючы, што досвед блізкасці з Хрыстом радыкальным чынам змяняе жыццё чалавека, што пацвярджае гісторыя навяртання святога Аўгустына.

Святы Айцец падкрэсліў, што ўсё жыццё Хрыста было пазначана жаданнем стаць мастом паміж чалавецтвам і Нябесным Айцом, паміж людзьмі, якіх Ён сустракаў, паміж Ім і тымі, хто знаходзіўся на ўзбочыне грамадства. Гэта прагненне адзінства, паводле Пантыфіка, спаўняецца ў Касцёле, дзе ўсе становяцца адно ў Хрысце.

“Езус яднае нас нягледзячы на нашы асаблівасці, культурнае і геаграфічнае паходжанне, мовы і гісторыі”, - напісаў Папа, нагадваючы, што хрысціяне пакліканы сведчыць пра гэта братэрства і адзінства ў сённяшнім свеце, пазначаным шматлікімі войнамі.

“Касцёл, дом розных народаў, можа стаць знакам таго, што мы не асуджаныя жыць у няспынным канфлікце, і можа ўвасабляць мару пра чалавецтва, паяднанае, прыміранае, якое жыве ў згодзе. Гэта мара, якая мае падмурак: Езус і Яго малітва да Айца аб адзінстве сваіх вучняў. А калі Езус маліўся да Айца, то тым больш мы павінны прасіць Яго, каб Ён падарыў нам свет, які жыве ў міры”, - адзначыў Леў XIV.

Папа падкрэсліў, што мір не можа быць вынікам гвалту ці панавання і не мае нічога супольнага з нянавісцю і помстай. “Святые сведчылі, што любоў перамагае вайну, што толькі дабрыня абяззбройвае подласць, а неўжыванне гвалту можа перамагчы ўціск. Мы павінны паглядзець нашаму свету проста ў вочы: мы больш не можам талераваць структурную несправядлівасць, з-за якой тыя, хто мае шмат, атрымліваюць яшчэ больш, а тыя, хто мае мала, становяцца ўсё больш абяздоленымі. Нянавісць і насілле, як на нахіленай паверхні, рызыкуюць пераліцца праз край, пакуль беднасць распаўсюджваецца сярод народаў: менавіта жаданне адзінства, прызнанне сябе братамі з’яўляецца супрацьяддзем ад усякага экстрэмізму”, - адзначыў Пантыфік.

Леў XIV заўважыў, што хрысціяне могуць самі фармаваць наш час — сведчаннем, малітвай да Святога Духа, каб Ён зрабіў нас людзьмі, якія нясуць супакой, прымаючы ласку Хрыста і рассейваючы па свеце водар Яго любові і міласэрнасці. “Мы і ёсць часам: не дазволім, каб нас ахапіла паняверка перад абліччам гвалту, сведкамі якога мы з’яўляемся; будзем штодня прасіць Бога Айца аб моцы Духа Святога, каб у змроку гісторыі заззяла жывое полымя супакою”, — завяршыў прадмову Папа.
 

20 лістапада 2025, 10:10