Пошук

Папа Леў XIV падчас святой Імшы на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане Папа Леў XIV падчас святой Імшы на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане  (@Vatican Media)

Святы Айцец: неадкладна вызваліць заложнікаў у Нігерыі і Камеруне

Перад малітвай “Анёл Панскі”, якая прайшла 23 лістапада 2025 года ў Ватыкане, Леў XIV звярнуў увагу на трагічную сітуацыю ў Нігерыі і Камеруне, дзе на працягу апошніх дзён адбыўся шэраг нападаў на хрысціян.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Я з вялікім смуткам даведаўся пра выкраданні святароў, вернікаў і студэнтаў у Нігерыі і Камеруне. Мне асабліва балюча за шматлікіх выкрадзеных юнакоў і дзяўчат, і за іх сем’і, ахопленыя трывогай. Звяртаюся з шчырым заклікам неадкладна вызваліць заложнікаў і заклікаю кампетэнтныя ўлады прыняць адпаведныя і своечасовыя рашэнні, каб забяспечыць іх вызваленне. Будзем маліцца за гэтых нашых братоў і сясцёр, а таксама аб тым, каб заўсёды і ўсюды касцёлы і школы заставаліся месцамі бяспекі і надзеі”, - сказаў Святы Айцец.

Малітва і абдымкі для Украіны

Пантыфік прывітаў пілігрымаў і падзякаваў удзельнікам Юбілею хораў і музычных калектываў за іх служэнне. Асаблівым чынам ён звярнуўся да вернікаў з Украіны. “Забярыце з сабой на радзіму абдымкі і малітву гэтай плошчы”, - сказаў ім Папа.

Адкрыць прыгажосць і радасць наследавання Пана

Святы Айцец нагадаў, што ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету, на дыяцэзіяльным узроўні адзначаецца Сусветны дзень моладзі. “Благаслаўляю і духоўна абдымаю ўсіх, хто ўдзельнічае ў розных урачыстасцях і ініцыятывах. Ва ўрачыстасць Хрыста Валадара я малюся, каб кожны малады чалавек адкрыў прыгажосць і радасць следавання за Ім, Панам, і прысвячэння сябе Яго Валадарству любові, справядлівасці і міру!”, - сказаў Леў XIV.

 

23 лістапада 2025, 12:54