Пошук

2025.11.04 Intenzione Bielorusso Novembre

Папа: дапамагчы тым, хто змагаецца з думкамі пра самагубства

Малітоўную інтэнцыю на лістапад Святы Айцец прысвяціў людзям, якія змагаюцца з думкамі пра самагубства. Пантыфік пажадаў, каб яны заўсёды маглі знайсці падтрымку, дапамогу і любоў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

4 лістапада 2025 года Папская сусветная сетка малітвы апублікавала відэаролік, у якім Леў XIV абвясціў сваю інтэнцыю на бліжэйшы месяц: “Молімся аб тым, каб людзі, якія змагаюцца з суіцыдальнымі думкамі, знайшлі ў сваіх супольнасцях падтрымку, дапамогу і любоў, якія ім неабходныя, і адкрыліся для прыгажосці жыцця”.

Чытаючы словы малітвы, Пантыфік нагадаў, што Хрыстус запрашае ўсіх спрацаваных і абцяжараных прыйсці да Яго і адпачыць у Яго сэрцы. Папа пажадаў, каб людзі, якія змагаюцца з думкамі пра самагубства, заўсёды маглі знайсці супольнасць, якая іх прыме, выслухае і будзе іх суправаджаць.

“Дай нам усім уважлівае і спагадлівае сэрца, здольнае несці суцяшэнне і падтрымку, у тым ліку праз неабходную прафесійную дапамогу. Навучы нас быць блізкімі з павагай і пяшчотай, дапамагаючы гаіць раны, будаваць сувязі і адкрываць новыя гарызонты, каб мы разам зноў адкрылі, што жыццё – гэта дар, што нават сярод болю і цярпення існуе прыгажосць і сэнс”, - маліўся Святы Айцец.

Леў XIV заўважыў, што безнайдзейны смутак можа пагражаць нават тым, хто ідзе за Хрыстом. “Просім Цябе, дай нам заўсёды адчуваць Тваю любоў, каб дзякуючы Тваёй блізкасці мы маглі распазнаваць і абвяшчаць усім бясконцую любоў Айца, Які бярэ нас за руку, каб аднавіць наш давер да жыцця, якое Ты нам даеш”, - сказаў Папа.
 

04 лістапада 2025, 16:00