Папа ў Анкары: заклік да дыялогу і адзінства чалавечай сям'і
Марыя Валодзіна - Vatican News
У межах апостальскага падарожжа Льва XIV у Турцыю 27 лістапада 2025 года ў ў Нацыянальнай бібліятэцы Турцыі ў Анкары адбылася яго сустрэча з кіраўніцтвам краіны, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса. Візіт прысвечаны 1700-годдзю Нікейскага Сабора, які адбыўся на тэрыторыі сучаснай Турцыі і стаў ключавой падзеяй у гісторыі хрысціянства.
У сваім звароце Пантыфік адзначыў, што прыродная прыгажосць Турцыі нагадвае нам пра адказнасць за Божае стварэнне, а яе культурнае, мастацкае і духоўнае багацце заклікае будаваць мудрую, мірную цывілізацыю, бо вялікая гісторыя народа ўяўляе сабой “і дар, і адказнасць”.
Выява моста праз праліў Дарданэлы, абраная ў якасці эмблемы падарожжа, падкрэслівае асаблівую ролю Турцыі як краіны-моста паміж кантынентамі і культурамі. У свеце, які ўсё больш палярызуецца, грамадства застаецца жывым толькі тады, калі шануе і захоўвае разнастайнасць, - нагадаў Святы Айцец.
Роля хрысціян у грамадстве
Папа запэўніў, што хрысціяне, якія адчуваюць сябе часткай турэцкай ідэнтычнасці, жадаюць унесці пазітыўны ўклад у адзінства краіны. На гэта некалі звяртаў увагу і Ян ХХІІІ, якога на гэтай зямлі памятаюць як "турэцкага Папу". Ён падкрэсліваў, што ізаляцыя па канфесійных ці культурных прыкметах – памылковая логіка. Яго словы па-ранейшаму натхняюць на евангельскую логіку, якую Папа Францішак назваў “культурай сустрэчы”.
Культура сустрэчы і адказнасць перад чалавецтвам
Леў XIV нагадаў аб тым, што яго папярэднік выступаў супраць "глабалізацыі абыякавасці", заклікаючы пачуць крык бедных і зямлі. Вобраз вялікага моста нагадвае аб тым, што Бог стварыў мост паміж небам і зямлёй, каб нашыя сэрцы станавіліся падобнымі на Яго, поўнымі любові, якая мае як прыватнае, так і публічнае вымярэнне.
На думку Папы, справядлівасць і міласэрнасць павінны стаць крытэрыямі развіцця. У такім грамадстве, як турэцкае, дзе рэлігія мае важнае значэнне, неабходна паважаць годнасць і свабоду кожнага чалавека: мужчын і жанчын, суайчыннікаў і замежнікаў, бедных і багатых. Толькі так можна спрыяць агульнаму дабру і павазе да ўсіх. Сёння перад намі стаіць важная задача – змяніць мясцовую палітыку і міжнародныя адносіны так, каб супрацьстаяць несправядлівасці, якая ўзмацняецца нават праз новыя тэхналогіі і штучны інтэлект. Таму неабходна разам змяніць траекторыю развіцця і аднавіць адзінства чалавечай сям’і, - падкрэсліў Пантыфік.
Сям’я як аснова грамадства
Метафара “чалавечая сям’я” нагадвае аб тым, што лёсы ўсіх людзей узаемазвязаныя. Папа адзначыў, што ў турэцкай культуры сям’я захоўвае вялікае значэнне, бо менавіта ў ёй фарміруюцца асноўныя навыкі грамадзянскага суіснавання і клопату пра агульнае дабро. І хоць сем’і могуць быць недасканалымі і часам абмяжоўваць сваіх членаў, перашкаджаючы ім развіваць свае здольнасці, але з індывідуалістычнай культуры, з пагарды да сужэнства не нараджаецца “больш магчымасцяў для жыцця і шчасця”.
Леў XIV папярэдзіў аб небяспецы спажывецкай эканомікі, у якой адзінота становіцца бізнесам. Важна развіваць культуру, якая цэніць любоў і сувязі. Толькі ў любові мы становімся глыбокімі і моцнымі ў сваёй ідэнтычнасці. Той, хто грэбуе фундаментальнымі сямейнымі сувязямі, часцей становяцца неталерантнымі і няздольнымі ўзаемадзейнічаць са складаным светам. У сямейным жыцці праяўляецца каштоўнасць сужэнскай любові і роля жанчын, якія дзякуючы адукацыі і актыўнасці ў прафесійным, культурным і палітычным жыцці ўсё часцей уносяць станоўчы ўклад у развіццё грамадства і свету.
Фактар стабільнасці і збліжэння народаў
Папа пажадаў Турцыі стаць “фактарам стабільнасці і збліжэння народаў, служачы справядліваму і трываламу міру”. Візіты ў Турцыю чатырох Пап— Паўла VI у 1967 годзе, Яна Паўла II у 1979 годзе, Бэнэдыкта XVI у 2006 годзе і Францішка ў 2014 годзе — сведчыць аб тым, што Святы Пасад не толькі падтрымлівае добрыя адносіны з Турцыяй, але і жадае супрацоўнічаць у пабудове лепшага свету з удзелам гэтай краіны, якая з’яўляецца мостам паміж Усходам і Захадам, паміж Азіяй і Еўропай, скрыжаваннем культур і рэлігій. Сама нагода гэтай паездкі, 1700-годдзе Нікейскага сабора, сведчыць пра сустрэчу і дыялог, як і той факт, што першыя восем Сусветных сабораў праходзілі на землях сучаснай Турцыі.
Пошук глабальнага міру
Леў XIV выказаў занепакоенасць сучаснай “фрагментарнай сусветнай вайной”, пра якую казаў Папа Францішак. Сёння як ніколі патрэбныя асобы, якія спрыяюць дыялогу і практыкуюць яго з рашучай воляй і цярплівай настойлівасцю. Пасля перыяду стварэння вялікіх міжнародных арганізацый, які наступіў пасля трагедый дзвюх сусветных войнаў, мы перажываем этап моцнага глабальнага канфлікту, калі дамінуюць стратэгіі эканамічнай і ваеннай улады, ствараючы тое, што Папа Францішак назваў “фрагментарнай трэцяй сусветнай вайной”. “Ні ў якім разе нельга паддавацца гэтай спіралі! Ад гэтага залежыць будучыня чалавецтва. Энергія і рэсурсы, якія паглынаюцца гэтай разбуральнай дынамікай, адбіраюцца ад сапраўдных праблем, з якімі чалавецтва павінна змагацца разам: забеспячэнне міру, барацьбы з галечай і голадам, ахова здароўя, адукацыя і захаванне стварэння”, - заклікаў Святы Айцец.
Завяршаючы прамову, Папа падкрэсліў, што Святы Пасад, абапіраючыся толькі на сваю духоўную і маральную моц, жадае супрацоўнічаць з усімі народамі, якія клапоцяцца аб ўсебаковым развіцці кожнага чалавека. “Давайце ісці разам шляхам праўды і сяброўства, пакорліва спадзеючыся на дапамогу Бога”, - заклікаў Леў XIV.
