Папа: нам патрэбныя кампетэнтныя свецкія вернікі і святары
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Леў XIV нагадаў, што Латэранскі ўніверсітэт мае асаблівую сувязь з Наступнікам святога Пятра і яго вучэннем. “Па сваёй прыродзе і місіі ён з’яўляецца прывілеяваным цэнтрам, дзе вучэнне Паўсюднага Касцёла распрацоўваецца, прымаецца, развіваецца і кантэкстуалізуецца. З гэтага пункту гледжання гаворка ідзе пра ўстанову, на якую можа абапірацца ў сваёй штодзённай працы і Рымская курыя”, - сказаў ён.
Пантыфік заўважыў, што пятровы харызмат адкрывае Латэранскі ўніверсітэт на міждысцыплінарныя, міжнародныя і міжкультурныя перспектывы. У сувязі з гэтым Леў XIV адзначыў каштоўнасць вялікага багацця факультэтаў і інстытутаў, якія ўваходзяць у яго структуру, а таксама супрацоўніцтва з іншымі навучальнымі ўстановамі ў розных частках свету.
Папа пажадаў, каб універсітэт спрыяў рэфлексіі аб каштоўнасці веры перад абліччам цяжкасцей нашага часу. “Сёння нам вельмі неабходна разважаць аб веры, каб адаптаваць яе да сучасных культурных сцэнараў і выклікаў, і супрацьстаяць рызыцы культурнай пустаты, якая ў наш час становіцца ўсё больш распаўсюджанай”, - сказаў ён.
Пантыфік падкрэсліў, што ў прыватнасці тэалагічны факультэт пакліканы “разважаць над скарбам веры, раскрыць яе прыгажосць і пераканаўчасць у розных сучасных кантэкстах, каб яна паўставала як цалкам чалавечая прапанова, здольная перамяняць жыццё асобных людзей і грамадства, выклікаць прароцкія перамены перад абліччам трагедый і галечы нашага часу і натхняць на пошукі Бога”.
Святы Айцец адзначыў таксама важнасць вывучэння філасофіі і пошуку праўды, асабліва з улікам “часам паражэнчых настрояў, уласцівых для сучаснай думкі”, а таксама ўзнікнення “форм рацыянальнасці, звязаных з трансгуманізмам і постгуманізмам”.
Пантыфік заклікаў паглыбляць і развіваць вывучэнне навук аб міры, экалогіі і навакольным асяроддзі, каб “рыхтаваць будаўнікоў міру і справядлівасці”. “Мір, безумоўна – гэта дар Божы, але адначасова ён патрабуе людзей, здольных будаваць яго штодня і падтрымліваць на нацыянальным і міжнародным узроўнях працэсы, накіраваныя на інтэгральную экалогію”, - дадаў Папа.
Леў XIV пажадаў, каб універсітэт спрыяў братэрству і абмену паміж рознымі культурамі ў супрацьвагу “вірусу радыкальнага індывідуалізма”. “Папскі Латэранскі ўніверсітэт, узбагачаны прысутнасцю студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў з пяці кантынентаў, уяўляе сабой мікракосмас Паўсюднага Касцёла: таму будзьце прароцкім знакам адзінства і братэрства”, - заклікаў Святы Айцец.
Пантыфік звярнуў увагу на існаванне ідэі, нібыта вучоба і даследаванні непатрэбныя ў рэальным жыцці, а душпастырская практыка ў Касцёле важнейшая за тэалагічную, біблійную ці прававую падрыхтоўку.
“Рызыка заключаецца ў тым, што можна паддацца спакусе спрашчэння складаных пытанняў, каб пазбегнуць цяжару разважання, з небяспекай таго, што нават у пастырскай дзейнасці і яе выразах мы апусцімся да банальнасці, прыблізнасці або закамянеласці. Навуковыя даследаванні і намаганні па іх ажыццяўленні неабходныя. Нам патрэбныя падрыхтаваныя і кампетэнтныя свецкія вернікі і святары. Таму я заклікаю вас не губляць увагі да навуковасці, працягваць гарачы пошук праўды і цесна ўзаемадзейнічаць з іншымі навукамі, з рэальнасцю, а таксама з праблемамі і цяжкасцямі грамадства”, - заахвоціў Папа.
Святы Айцец адзначыў, што ўніверсітэт павінен служыць агульнаму дабру. “Мэтай адукацыйнага і акадэмічнага працэсу, па сутнасці, павінна быць падрыхтоўка людзей, якія ў духу бескарыслівасці і гарачага жадання праўды і справядлівасці змогуць пабудаваць новы, салідарны і братэрскі свет. Універсітэт можа і павінен распаўсюджваць гэту культуру, становячыся знакам і выразам гэтага новага свету і імкнення да агульнага дабра”, - падкрэсліў ён.
“Латэранскі ўніверсітэт займае асаблівае месца ў сэрцы Папы, і Папа заклікае вас марыць пра вялікае, уяўляць магчымыя прасторы для хрысціянства будучыні, працаваць з радасцю, каб кожны мог адкрыць для сябе Хрыста і ў Ім знайсці паўнату, да якой імкнецца”, - завяршыў прамову Пантыфік.
