Пошук

Леў XIV уручыў кіраўніку дзяржавы сімвалічны дар – плітку з выявай медаля, створанага з нагоды гэтага візіту Леў XIV уручыў кіраўніку дзяржавы сімвалічны дар – плітку з выявай медаля, створанага з нагоды гэтага візіту 

Сімвал братэрства: дар Папы прэзідэнту Турцыі

Леў XIV падчас візіту ў Турцыю ўручыў прэзідэнту Эрдагану памятны медаль. Ён сімвалізуе дыялог і адзінства паміж хрысціянамі і мусульманамі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас свайго Апостальскага падарожжа ў Турцыю і Ліван, 27 лістапада 2025 года, Святы Айцец сустрэўся з прэзідэнтам Турэцкай Рэспублікі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. У прэзідэнцкім палацы ў Анкары Леў XIV уручыў кіраўніку дзяржавы сімвалічны дар – плітку з выявай медаля, створанага з нагоды гэтага візіту.

У цэнтры кампазіцыі, аўтарам якой з’яўляецца Амалія Містыкелі, знаходзяцца постаці мараніцкага святога Шарбэля і апостала Андрэя. Побач з імі размешчаны сімвалы мясцін, якія Пантыфік наведвае падчас свайго падарожжа: ліванскі санктуарый Маці Божай у Харысе, ліванскі кедр і мячэць Султана Ахмеда.

Асаблівую ўвагу прыцягвае тое, што мінарэты знакамітай стамбульскай мячэці выяўлены побач з хрысціянскай званіцай, і гэта, паводле апісання, падкрэслівае важнасць дыялогу паміж рэлігіямі.

На верхняй частцы медаля змешчаны лацінскі надпіс "TVRCIAM ET LIBANVM VISIT" – спасылка на апостальскае падарожжа, якое ўключае Турцыю і Ліван. Унізе ўказана яго дата, з 27 лістапада па 2 снежня 2025 года, а таксама адмысловая памятная дата – 1700-годдзе Першага Нікейскага Сабора.
 

27 лістапада 2025, 13:08