Рашэнне Папы: артэфакты карэнных народаў вяртаюцца ў Канаду
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Раніцай 15 лістапада 2025 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Апостальскім палацы дэлегацыю Канферэнцыі Біскупаў Канады на чале з яе старшынёй, біскупам П’ерам Гудро. Падчас сустрэчы Пантыфік абвясціў аб перадачы канадскаму епіскапату шасцідзесяці двух артэфактаў з этналагічных калекцый Ватыканскіх музеяў.
Знак дыялогу, павагі і братэрства
Гэты дар з’яўляецца завяршэннем шляху, які распачаў Папа Францішак падчас свайго Апостальскага падарожжа ў Канаду ў 2022 годзе, а таксама шматлікіх сустрэч з прадстаўнікамі карэнных супольнасцей і публікацыі ў 2023 годзе заявы адносна так званай "Дактрына аб правах на адкрытыя землі".
Леў XIV пажадаў, каб гэты жэст стаў канкрэтным знакам дыялогу, павагі, братэрства і касцельнай салідарнасці, праз які Наступнік Пятра давярае Касцёлу ў Канадзе артэфакты, што сведчаць пра гісторыю сустрэчы веры і культур карэнных народаў.
Праз 100 гадоў спадчына вяртаецца на Радзіму
Шэсцьдзесят два прадметы, якія паходзяць з розных супольнасцей, з’яўляюцца часткай спадчыны, атрыманай з нагоды Ватыканскай місіянерскай выставы 1925 года. Яна была арганізавана Папам Піем XI падчас Юбілейнага года, каб засведчыць веру і культурнае багацце народаў.
Артэфакты, дасланыя ў Рым каталіцкімі місіянерамі ў 1923-1925 гадах, пазней увайшлі ў склад Латэранскага місіянерска-этналагічнага музея, які затым стаў Этналагічным музеем “Anima Mundi” у структуры Ватыканскіх музеяў.
Касцёл у Канадзе захавае і папулярызуе артэфакты
Рашэнне Святога Айца ўпісваецца ў кантэкст Юбілею 2025 года, прысвечанага надзеі, а таксама стагоддзя з часу правядзення Ватыканскай місіянерскай выставы.
Артэфакты разам з інфармацыяй, якой валодаюць Ватыканскія музеі, што датычыць іх паходжання і акалічнасцей перадачы ў Рым, былі ўручаны Канферэнцыі Біскупаў Канады. Епіскапат, у сваю чаргу, узяў на сябе абавязак забяспечыць належнае захоўванне, ахову і папулярызацыю гэтых каштоўных прадметаў.
