Пошук

Падчас папскай аўдыенцыі для ўдзельнікаў 65-й Генеральнай асамблеі Канферэнцыі вышэйшых настаяцеляў Італіі Падчас папскай аўдыенцыі для ўдзельнікаў 65-й Генеральнай асамблеі Канферэнцыі вышэйшых настаяцеляў Італіі  (@Vatican Media)

Леў XIV да манахаў: сінадальнасць патрабуе пакоры і адказнасці

Леў XIV заклікаў італьянскіх манаскіх настаяцеляў кіраваць з надзеяй, выкарыстоўваючы сінадальныя метады: распазнанне, справаздачнасць і ўзаемную адказнасць.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Звяртаючыся 7 лістапада 2025 года да ўдзельнікаў 65-й Генеральнай асамблеі Канферэнцыі вышэйшых настаяцеляў Італіі (CISM), Святы Айцец падкрэсліў, што прысутнасць кансэкраваных асоб заўсёды была значнай і правідэнцыйнай, як закваска, прароцтва і сіла для ўсяго Божага народа.

 

Тэма сустрэчы – “Кіраваць надзеяй. Формы і стылі кіравання правінцыямі ў сінадальным Касцёле” - пацвярджае вернасць гэтай ролі ў кантэксце “сінадальнага навяртання”.

Сінадальнасць – не тэорыя, а практыка жыцця

Папа нагадаў, што манаскія сем’і на працягу стагоддзяў выпрацавалі практыкі сінадальнага жыцця і супольнага распазнання, таму іх пакліканне па сваёй сутнасці з’яўляецца сінадальным. Гэта робіць іх асабліва здольнымі ўнесці свой уклад у гэты працэс ва ўсім Касцёле. Аднак гэтая спадчына не з’яўляецца статычнай, яна павінна пастаянна развівацца, а служэнне ўлады паклікана абуджаць надзею на гэтым шляху.

Тры ключы да добрага кіравання

Леў XIV, спасылаючыся на выніковы дакумент апошняга Сінода, вылучыў тры важныя аспекты добрага кіравання: касцельнае распазнанне, клопат пра працэсы прыняцця рашэнняў і абавязак даваць справаздачу аб сваёй дзейнасці.

Гэтыя ўзаемазвязаныя працэсы забяспечваюць празрыстасць, узаемную адкрытасць і спрыяюць супрацоўніцтву, дапамагаючы пазбегнуць самазамкнёнасці. Гэта шлях ачышчэння дзеля аднаўлення харызматычнай вернасці, які патрабуе адмовы ад неістотных або нават шкодных структур.

Асабліва Пантыфік заклікаў заахвочваць змену ў выкананні абавязкаў і пасад, каб пазбегнуць застою, які вядзе да “сцвярдзення і склератызацыі”. Ён нагадаў пра небяспеку сіндрому “застаялай вады”, пра якую шмат разоў казаў Папа Францішак.

На заканчэнне Леў XIV працытаваў святога Аўгустына, які бачыў мэту супольнага жыцця ў сумесным пошуку Бога, і падзякаваў настаяцелям за іх нялёгкае служэнне.
 

07 лістапада 2025, 11:27