Пошук

Леў XIV падчас сустрэчы з журналістамі на борце самалёта Леў XIV падчас сустрэчы з журналістамі на борце самалёта  (AFP or licensors)

Сустрэча ў небе: Леў XIV паразмаўляў з журналістамі

У самалёце на шляху ў Турцыю Папа не толькі заклікаў да міру, але і падзяліўся надзеямі, жартаваў і паказаў сваю салідарнасць з Украінай і праблемамі журналістаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас свайго першага Апостальскага падарожжа, накіроўваючыся ў Турцыю, Леў XIV правёў шчырую і насычаную сустрэчу з журналістамі. Яго пасланне аб міры і адзінстве было галоўным, але размова закранула шмат іншых, не менш важных тэм.

За гэтай шчырай і шматграннай дыскусіяй на вышыні дзесяці тысяч метраў пільна сачыў наш калега Сальваторэ Чэрнуцыа з “Vatican News”, які стаў сведкам непасрэднасці новага Пантыфіка.

Абвясціць, наколькі важны мір

"Гэты візіт у Турцыю і Ліван мае, перш за ўсё, значэнне адзінства, бо мы святкуем 1700-годдзе Нікейскага сабору", - падкрэсліў Леў XIV, звяртаючыся да 81 журналіста на борце. Але яго думкі сягалі далей за гістарычныя даты. Папа выказаў надзею на тое, што яго прысутнасць дапаможа "абвясціць, перадаць, прагаласіць, наколькі важны мір ва ўсім свеце".

Папа падчас размовы з журналістамі на борце самалёта
Папа падчас размовы з журналістамі на борце самалёта   (@Vatican Media)

Пантыфік зрабіў моцны акцэнт на братэрстве, якое пераўзыходзіць любыя межы: "Па-за розніцамі, па-за рознымі рэлігіямі і веравызнаннямі, мы ўсе браты і сёстры, і мы спадзяемся спрыяць міру і адзінству паўсюль".

Ад "Братоў Блюз" да іспанскіх каранёў

Атмасфера на борце была вельмі цёплай, што адзначыў карэспандэнт. Папа шчыра смяяўся, калі атрымаў у падарунак калаж са сваім фота ў вобразе "Брата Блюз" з часоў маладосці ў Чыкага: як вядома, культавы фільм “The Blues Brothers” здымаўся менавіта там.

Яшчэ адным "прывітаннем з дому" сталі падарункі з сімволікай яго любімай бейсбольнай каманды “White Sox” - біта вядомага гульца 50-х гадоў і шкарпэткі. "Як гэта прайшло праз службу бяспекі?" - пажартаваў Папа, прымаючы спартыўны інвентар.

Сэлфі з экіпажам
Сэлфі з экіпажам   (@Vatican Media)

Акрамя гэтага, Пантыфіку прэзентавалі геральдычны герб яго іспанскіх продкаў па матчынай лініі, што стала нагодай спытаць пра магчымы візіт у Іспанію. "Пабачым!" - адказаў Леў XIV. У размове з журналісткай алжырскага паходжання ён таксама падзяліўся марай: "Спадзяюся паехаць у Алжыр".

Салідарнасць з Украінай і журналістамі

Сярод падарункаў быў і вельмі кранальны – пергамент ад грэка-каталіцкай супольнасці Харкава са словамі падзякі за дапамогу, якую Святы Пасад аказвае людзям на фронце. Гэты жэст падкрэсліў асаблівую ўвагу Папы да трагедыі ўкраінскага народа.

Папа падчас сустрэчы з журналістамі на борце самалёта
Папа падчас сустрэчы з журналістамі на борце самалёта   (@Vatican Media)

Напрыканцы сустрэчы прадстаўнікі італьянскай прэсы перадалі Льву XIV ліст, у якім патлумачылі прычыны сваёй забастоўкі, запланаванай на 28 лістапада 2025 года. Яны змагаюцца за аднаўленне працоўнага кантракту, тэрмін якога скончыўся яшчэ ў 2016 годзе, а таксама выказваюць занепакоенасць небяспекай для прафесіі, звязанай са штучным інтэлектам.

Гэты момант паказаў, што нават падчас міжнародных візітаў Папа застаецца блізкім да сацыяльных праблем сучаснага свету.
 

27 лістапада 2025, 11:09