Пошук

Папа: Касцёл – гэта месца справядлівасці для бедных

Бог любіць бедных вечнай любоўю, а Касцёл з’яўляецца для іх маці, месцам прыняцця і справядлівасці, - сказаў Папа падчас Імшы з нагоды Юбілею Бедных.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

16 лістапада 2025 года Леў XIV узначаліў у ватыканскай базіліцы святую Імшу з нагоды Сусветнага дня бедных. У Эўхарыстыі прынялі ўдзел каля 6 тысяч чалавек, у той час як яшчэ 12 тысяч сабраліся на Плошчы Святога Пятра, каб сачыць за цэлебрацыяй на вялікіх экранах.

Перад пачаткам літургіі Пантыфік звярнуўся да іх з кароткім прывітальным словам, падкрэсліўшы, што ўсе аб'яднаны ў Хрысце. Ён падзякаваў вернікам за прысутнасць і нагадаў пра евангельскае бласлаўленне для ўбогіх духам, бо іх Валадарства Нябеснае.

Бог на баку самых малых

У гаміліі Святы Айцец засяродзіўся на вобразе “дня Пана”, які прарок Малахія апісвае як світанак “сонца справядлівасці” для прыніжаных і бедных. Гэтым сонцам, паводле яго слоў, з’яўляецца сам Езус, які ўстанаўлівае Божае Валадарства ў драматычных падзеях гісторыі.

Пантыфік падкрэсліў, што нават сярод пераследу, пакут і прыгнёту Бог не пакідае людзей самотнымі, бо Ён заўсёды займае пазіцыю на карысць самых малых, сірот, чужынцаў і ўдоў. У Езусе гэтая блізкасць Бога дасягае вяршыні любові, таму Яго прысутнасць становіцца радасцю і юбілеем для бедных.

Касцёл – маці для бедных

Звяртаючыся да бедных, Папа з сілай прамовіў словы Пана: “Я палюбіў цябе”. Ён адзначыў, што Касцёл, асабліва ў наш час, паранены старымі і новымі формамі беднасці, хоча быць “маці для бедных, месцам прыняцця і справядлівасці”.

Леў XIV звярнуў увагу на тое, што існуюць не толькі матэрыяльныя, але маральныя і духоўныя віды беднасці, агульнай драмай для якіх з’яўляецца адзінота. Каб разбурыць гэтую сцяну, неабходна развіваць “культуру ўвагі” да кожнага чалавека ў сям’і, на працы, у вучобе і нават у лічбавым свеце.

Заклік да кіраўнікоў і ўсіх хрысціян

Пантыфік нагадаў, што беднасць з’яўляецца выклікам не толькі для хрысціян, але і для ўсіх, хто мае адказныя пасады ў грамадстве. “Не можа быць міру без справядлівасці”, - сказаў ён, заклікаючы кіраўнікоў дзяржаў прыслухацца да крыку бедных.

Святы Айцец выказаў падзяку валанцёрам і ўсім, хто працуе ў сферы дабрачыннасці, заахвочваючы іх быць “крытычным сумленнем у грамадстве”, бо бедныя – гэта цела самога Хрыста.

Ён заклікаў усіх хрысціян не жыць у рэлігійнай ізаляцыі, а імкнуцца да пераўтварэння грамадства ў прастору братэрства і годнасці для ўсіх, беручы прыклад са святых.
 

16 лістапада 2025, 10:52