Папа за сталом з беднымі: братэрства, што лечыць раны
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У ватыканскай Зале Паўла VI панавала атмасфера сямейнага свята. З нагоды IX Сусветнага дня бедных тут сабраліся госці з розных куткоў свету, каб падзяліць абед з Пантыфікам.
Леў XIV, прыбыўшы пасля малітвы “Анёл Панскі”, заняў месца за адным са сталоў і звярнуўся да прысутных з прывітальнымі словамі, падкрэсліўшы важнасць братэрства, якое, паводле яго слоў, “ёсць жыццё”. Ён таксама шчыра падзякаваў свайму папярэдніку, Папу Францішку, за ўстанаўленне гэтага дня.
Святы Айцец узнёс малітву за ўсіх, хто пакутуе ад насілля, вайны і голаду, а таксама падзякаваў арганізатарам – Вінцэнтынскай сям’і, якая сёлета адзначае 400-годдзе свайго заснавання, – за іх служэнне. Дзякуючы ім 1300 чалавек змаглі не толькі пакаштаваць святочныя стравы, але і адчуць цяпло чалавечай блізкасці, забыўшыся на хвіліну пра свае клопаты.
На заканчэнне абеду Леў XIV удзяліў усім сваё благаслаўленне. Ён яшчэ раз падзякаваў валанцёрам, кардыналу Конраду Краеўскаму і ўсёй Вінцэнтынскай сям’і за іх служэнне.
Кожны госць атрымаў у падарунак набор асабістай гігіены і панэтонэ, а таксама мог узяць з сабой садавіну, якую Пантыфік ласкава запрасіў забраць дадому як знак працягу свята.
