Папа да моладзі: перазапуск эканомікі пачынаецца з перыферый
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Святы Айцец накіраваў 28 лістапада 2025 года пасланне да ўдзельнікаў глабальнай сустрэчы "The Economy of Francesco". У сваім лісце ён назваў гэты рух "шчаслівым выразам шляху, які апладняе эканамічную думку і ініцыятыву насеннем Евангелля".
Леў XIV падкрэсліў, што моладзь знаходзіцца ў непасрэдным кантакце з тымі "новымі рэчамі", ад якіх залежыць будучыня чалавецтва. Папа адзначыў асаблівую сувязь руху з Касцёлам, кажучы, што сустрэча адбываецца "in gremio Ecclesiae" – ва ўлонні Касцёла, які нараджае ў веры і любові.
Спадчына Папы Францішка і "прынцып маласці"
Пантыфік з удзячнасцю прыгадаў свайго папярэдніка, Папу Францішка, чыя смерць у перыяд Вялікадня стала сімвалам надзеі. Леў XIV заклікаў маладых людзей "арганізаваць надзею", якую запаліў гэты шлях, і працягваць справу, распачатую Францішкам.
Ён нагадаў словы спачылага Папы, сказаныя ў верасні 2024 года, якія ўтрымліваюць надзею на тое, што менавіта маладыя эканамісты створаць новы спосаб суіснавання і вядзення гаспадаркі, якая стварае не адходы, а матэрыяльны і духоўны дабрабыт.
Леў XIV заахвоціў удзельнікаў не абмяжоўвацца пратэстам, а шукаць канкрэтныя рашэнні, абапіраючыся на "прынцып маласці", сфармуліраваны бенедыктынцам Гіслэнам Лафонам: рухавіком гісторыі з'яўляецца не сіла, а беднасць і дзеянне слабых элементаў.
Перазапуск эканомікі: погляд з перыферыі
Звяртаючыся да тэмы сустрэчы – "Restarting the Economy", Папа патлумачыў, што сапраўдны перазапуск – гэта не проста абнаўленне вытворчасці, а вяртанне жыцця людзям і супольнасцям. Гэта значыць "вызваліць ад ланцугоў несправядлівасці" і стварыць прастору, дзе кожны чалавек можа адчуваць сваю годнасць.
Леў XIV прапанаваў паглядзець на "новыя рэчы" не з цэнтра, дзе дамінуюць штучны інтэлект і робататэхніка, а з перыферыі – вачыма тых, хто быў выкінуты на ўзбочыну жыцця. Менавіта такі падыход дазваляе ўбачыць недахопы сістэмы, якая пашырае няроўнасць, і знайсці шляхі да сапраўднага міру і справядлівасці.
