Пошук

Папа адказвае на пытанні журналістаў у Кастэль-Гандольфа. 04.11.2025 Папа адказвае на пытанні журналістаў у Кастэль-Гандольфа. 04.11.2025 

Леў XIV: ад працы і мігрантаў да справы айца Рупніка

Леў XIV у размове з журналістамі закрануў тэмы годнай працы, мігрантаў у ЗША, міру на Блізкім Усходзе і мазаік ксяндза Рупніка, заклікаўшы да справядлівасці для ўсіх.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Увечары 4 лістапада 2025 года, завяршаючы свой аднадзённы візіт у Кастэль-Гандольфа, Папа правёў шчырую размову з журналістамі. Пантыфік адказаў на шэраг вострых пытанняў, якія датычацца як унутранага жыцця Касцёла, так і глабальных выклікаў – ад правоў рабочых і мігрантаў да пошуку міру ў гарачых пунктах планеты.

Каментуючы надыходзячы Юбілей Свету Працы, запланаваны на 10 лістапада 2025 года, і праблему няшчасных выпадкаў на вытворчасці, Святы Айцец падкрэсліў, што годная праца, якая дазваляе забяспечыць дабрабыт сям’і, з’яўляецца правам кожнага чалавека.

Ён заклікаў аб’ядноўваць намаганні для пошуку канкрэтных рашэнняў, а не абмяжоўвацца толькі канстатацыяй праблем. Паводле яго, юбілейныя ўрачыстасці павінны даць надзею і стаць імпульсам для сумесных дзеянняў.

Што Пантыфік сказаў пра спрэчныя мазаікі ксяндза Рупніка і правы ахвяр?

Адказваючы на пытанне аб творах ксяндза Марка Рупніка, прысутнасць якіх у буйных святынях выклікае боль у ахвяр, Леў XIV праявіў глыбокае разуменне сітуацыі. Ён паведаміў, што ў многіх месцах мазаікі ўжо былі закрыты або выдалены з вэб-сайтаў з увагі на чуллівасць да пацярпелых.

Пантыфік нагадаў, што нядаўна пачаўся новы судовы працэс, і выказаў надзею на тое, што ён унясе яснасць і гарантуе справядлівасць для ўсіх бакоў. Пры гэтым ён падкрэсліў, што Касцёл павінен паважаць правы ўсіх людзей, у тым ліку прынцып прэзумпцыі невінаватасці.

Святы Айцец таксама закрануў сітуацыю мігрантаў у Злучаных Штатах, адказваючы на просьбу пракаментаваць пазіцыю ўлад у Чыкага, якія забаранілі святарам удзяляць Камунію мігрантам, што знаходзяцца пад арыштам.

Ён нагадаў, што місія Касцёла – абвяшчаць Евангелле, якое вучыць прымаць прыхадняў. Папа заклікаў да глыбокага роздуму над тым, што адбываецца, і звярнуў увагу на “духоўныя правы” затрыманых. Ён выказаў намер заахвоціць улады дазволіць душпастырам клапаціцца пра духоўныя патрэбы людзей, часта надоўга адарваных ад сваіх сем’яў.

Блізкаўсходні канфлікт і напружанасць у Венесуэле: Папа заклікае да дыялогу

Гаворачы пра сітуацыю ў Святой Зямлі, Пантыфік прызнаў, што першы этап перамір’я вельмі крохкі. Ён лічыць неабходным думаць пра пераход да другой фазы і гарантаванне правоў усіх народаў.

Леў XIV адзначыў складанасць пытання яўрэйскіх паселішчаў, заўважыўшы, што Ізраіль “часам кажа адно, а робіць іншае”. Касцёл, па яго словах, хоча “супрацоўнічаць дзеля справядлівасці для ўсіх народаў”.

Папа таксама перасцярог ад эскалацыі напружанасці ля берагоў Венесуэлы, падкрэсліўшы: “Насіллем мы не пераможам. Гаворка ідзе пра тое, каб шукаць дыялог”. На заканчэнне ён нагадаў, што кожная краіна мае права на войска для абароны і будавання міру.
 

05 лістапада 2025, 09:02