Леў XIV памаліўся пры магіле свайго папярэдніка Францішка
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Святы Айцец прыбыў у адну з чатырох вялікіх базілік Рыма каля 20.05. Як паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы, першым жэстам Льва XIV стала малітва пры магіле яго непасрэднага папярэдніка. Ён усклаў на надмагільную пліту букет белых руж, што з’яўляецца знакам памяці і духоўнай пераемнасці.
Затым Папа накіраваўся ў капліцу, каб памаліцца перад старажытнай іконай Маці Божай “Salus Populi Romani” (Выратаванне рымскага народа). Гэты абраз быў асабліва дарагі для Францішка, які часта маліўся перад ім у важныя моманты свайго пантыфікату, давяраючы Касцёл і свет апецы Найсвяцейшай Панны Марыі. Жэст Льва XIV падкрэслівае непарыўную сувязь з марыйнай пабожнасцю яго папярэднікаў.
Візіт быў кароткім. Каля 20.15 Леў XIV пакінуў храм і накіраваўся ў Кастэль-Гандольфа. У папскай летняй рэзідэнцыі ён будзе знаходзіцца да вечара аўторка, 4 лістапада 2025 года.
