Пошук

Чальцы Міжнароднай тэалагічнай камісіі падчас папскай аўдыенцыі Чальцы Міжнароднай тэалагічнай камісіі падчас папскай аўдыенцыі  (@Vatican Media)

Напярэдадні візіту ў Турцыю Леў XIV сустрэўся з тэолагамі

Прымаючы чальцоў Міжнароднай тэалагічнай камісіі, Папа падкрэсліў важнасць 1700-годдзя Нікейскага Сабора і заклікаў да сінтэзу навукі і святасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сустрэча з тэолагамі, якія працуюць у рамках Камісіі, стала для Льва XIV першай пасля абрання на Пасад Пятра. Пантыфік выказаў падзяку за дакумент “Езус Хрыстус, Сын Божы, Збаўца”, падрыхтаваны да юбілею Першага Нікейскага Сабора. Гэтая праца, паводле слоў Пантыфіка, мае фундаментальнае значэнне для экуменічнага дыялогу.

Сімвалічным жэстам адзінства стане і апостальскае падарожжа ў Турцыю і Ліван, якое Папа распачне ўжо заўтра, 27 лістапада 2025 года, з наведвання старажытнай Нікеі (цяпер Ізнік).

“Гэта аўтарытэтны тэкст, які натхніць на далейшыя даследаванні. Я еду ў Нікею, каб прасіць у Пана дар адзінства і міру для Яго Касцёла”, - сказаў Леў XIV.

Агульнае фота з удзельнікамі папскай аўдыенцыі
Агульнае фота з удзельнікамі папскай аўдыенцыі   (@Vatican Media)

Святы Айцец акрэсліў задачу тэолагаў як распазнаванне новых рэаліяў (res novae), што фарміруюць шлях чалавецтва. Ён заклікаў не проста захоўваць дэпазіт веры, але абвяшчаць Евангелле з “крэатыўнай вернасцю”. Для гэтага, на думку Папы, неабходна абапірацца на тры рэсурсы: ўніверсальны характар каталіцкай веры, якая раскрываецца ў разнастайнасці культур; міждысцыплінарны дыялог, які прадухіляе ізаляцыю тэалогіі; і мудрасць святых.

“Вывучэнне тэалогіі павінна быць непарыўна злучана з малітвай і духоўным досведам, бо без гэтага яно рызыкуе ператварыцца ў сухое каментаванне формул веры”, - падкрэсліў Пантыфік.

Спасылаючыся на спадчыну сваіх папярэднікаў і вялікіх Доктараў Касцёла, такіх як святы Тамаш Аквінскі і святы Джон Генры Ньюман, Леў XIV нагадаў: тэалогія – гэта святло, і яна павінна дапамагаць інтэграваць розныя веды ў адзіную карціну свету, дзе цэнтрам з'яўляецца Хрыстус.

Завяршаючы сустрэчу, Пантыфік засцярог ад празмернай сектаральнасці ведаў. Ён заклікаў тэолагаў не ігнараваць дасягненні навук, а інтэграваць іх дзеля распазнавання ісціны, даручыўшы працу камісіі апецы Найсвяцейшай Панны Марыі, Сталіцы Мудрасці.
 

26 лістапада 2025, 10:38