Святы Айцец: мець надзею – значыць займаць пазіцыю

Мець надзею – значыць займаць пазіцыю перад абліччам несправядлівасці, калі чалавечая годнасць растаптаная, а слабыя пазбаўляюцца голасу, - адзначыў Папа падчас Юбілейнай аўдыенцыі, якая прайшла 22 лістапада 2025 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“З кожнага, каму дадзена шмат, і спагнана будзе шмат з яго; і каму даручана шмат, ад таго больш і запатрабуюць” – працытаваў Леў XIV словы, якія Хрыстус скіраваў да сваіх найбліжэйшых вучняў. Ён падкрэсліў, што “мы таксама шмат атрымалі” на шляху веры, таму “Езус шмат чакае ад нас”. “Гэта знак даверу, знак сяброўства. Ён чакае шмат, бо ведае нас і ведае, што мы можам!”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў, што “Езус прыйшоў прынесці агонь: агонь Божай любові на зямлю і агонь жадання ў нашыя сэрцы”. “Часам мы хацелі б, каб нас “пакінулі ў спакоі”: каб ніхто нас не турбаваў, каб іншыя нібыта перасталі існаваць. Гэта не Божы спакой. Спакой, які прыносіць Езус – нібыта агонь, і ён патрабуе ад нас шмат. Перш за ўсё ён патрабуе заняць пазіцыю. Заняць пазіцыю перад абліччам несправядлівасці, няроўнасці, там, дзе чалавечая годнасць растаптаная, дзе ў слабейшых забіраюць голас. Мець надзею – значыць займаць пазіцыю. Мець надзею — значыць разумець у сэрцы і паказваць учынкамі, што ўсё не павінна працягвацца так, як раней”, - сказаў Леў XIV.

У якасці прыкладу чалавека, які заняў пазіцыю перад абліччам несправядлівасці, Папа згадаў Дораці Дэй – амерыканскую журналістку і грамадскага дзеяча, якая жыла ў XX стагоддзі і здолела прыцягнуць увагу грамадства да шматлікіх сацыяльных праблем.

“Яна бачыла, што мадэль развіцця ў яе краіне не стварала роўных магчымасцяў для ўсіх; разумела, што для занадта многіх амерыканская мара была кашмарам; што як хрысціянка яна павінна салідарызавацца з рабочымі, мігрантамі, з тымі, каго адкідвае эканоміка, якая забівае”, - расказаў Святы Айцец.

Папа заўважыў, што, адказваючы на гэтыя праблемы, Дораці Дэй задзейнічала сэрца, розум і рукі. У першую чаргу, як журналістка, яна пісала артыкулы на тэму сацыяльнай несправядлівасці, заахвочваючы шматлікіх іншых людзей думаць. “Пісаць важна. І чытаць таксама, сёння больш, чым калі-небудзь”, - сказаў Пантыфік.

Іншым аспектам дзейнасці Дораці Дэй Святы Айцец назваў дабрачыннасць і блізкасць да людзей у патрэбе: яна “раздавала ежу і адзенне, апраналася і харчавалася так, як тыя, каму служыла”, і сваім прыкладам прыцягнула да сацыяльнай дзейнасці тысячы людзей.

“Вось якімі з’яўляюцца міратворцы: яны займаюць пазіцыю і прымаюць яе наступствы, але ідуць наперад. Мець надзею значыць займаць пазіцыю, як Езус і разам з Езусам. Яго агонь – наш агонь. Няхай Юбілей ўмацуе гэты агонь у нас і ва ўсім Касцёле!”, - завяршыў катэхезу Папа.
 

22 лістапада 2025, 11:22

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >