Пошук

Леў XIV сустрэўся з прадстаўнікамі хрысціянскіх супольнасцяў Турцыі

Раніцай 29 лістапада 2025 года, пасля візіту ў Блакітную мячэць, Папа накіраваўся аўтамабілем у сірыйскую праваслаўную царкву святога Яфрэма, якая размясцілася ў еўрапейскай частцы Стамбула. Там ён правёў прыватную сустрэчу з прадстаўнікамі хрысціянскіх Цэркваў Турцыі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Храм, прысвечаны святому Яфрэму, быў урачыста адкрыты ў 2023 годзе пасля амаль дзесяцігоддзя будаўніцтва. Адкрыццё неаднаразова адкладалася з-за пандэміі Covid-19 і землятрусу. Гэта першая і пакуль адзіная хрысціянская царква, узведзеная ў Турцыі пасля заснавання Рэспублікі.

Сірыйская Праваслаўная Царква налічвае каля двух мільёнаў вернікаў па ўсім свеце. На яе чале стаіць Патрыярх сіра-праваслаўнай Антыёхіі Ігнацый Яфрэм II, сядзіба якога знаходзіцца ў Дамаску.

Пантыфіка прывіталі іерархі сіра-праваслаўнай Царквы. Яны разам увайшлі у святыню, сфатаграфаваліся з усімі рэлігійнымі лідарамі і праслухалі гімн Святому Духу ў выкананні хору. Пасля гэтага адбылася прыватная сустрэча і дыялог за круглым сталом з кіраўнікамі розных хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў. Сярод іх быў і Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей I, з якім Папа сустрэнецца зноў у другой палове дня ў Патрыяршай рэзідэнцыі ў Фанары для падпісання сумеснай дэкларацыі. Некаторыя з удзельнікаў дыялогу таксама прысутнічалі 28 лістапада 2025 года ў Ізніку на ўрачыстасці з нагоды 1700-годдзя Нікейскага Сабора.

Папа падзякаваў усім прысутным і паразважаў пра значэнне Нікейскага Сабора і ўрачыстасці ў Ізніку, цэнтрам якой было Евангелле. Ён заклікаў маліцца, каб адбыліся новыя сустрэчы і магчымасці для дыялогу, у тым ліку з тымі Цэрквамі, якія не змаглі прысутнічаць на экуменічнай падзеі. Ён нагадаў пра першынства евангелізацыі, сур’ёзнай перашкодай для якой з’яўляецца падзел паміж хрысціянамі.

Леў XIV запрасіў усіх удзельнікаў сустрэчы рушыць разам у духоўнае падарожжа, якое вядзе да Юбілею Адкуплення ў 2033 годзе, у перспектыве вяртання ў Ерузалем, у вячэрнік, месца апошняй вячэры, абмывання ног вучням і Пяцідзясятніцы, у падарожжа, якое вядзе да поўнага адзінства, да якога заклікае і яго біскупскі дэвіз: “In Illo Uno Unum” (У Ім адзіным мы адзіныя).

Памятны медаль “Нікея”
Памятны медаль “Нікея”

Падчас сустрэчы Папа падарыў царкве святога Яфрэма медаль “Нікея”, створаны мастачкай Франчэскай Таліяфэры. У цэнтры медаля – выява Канстанціна I, які склікае Першы Сусветны Сабор. Над ім лунае Святы Дух, які вядзе і асвятляе сустрэчу. Біскупы розных хрысціянскіх супольнасцяў трымаюць пергамен з Credo, зацверджаным на Саборы, падкрэсліваючы адзінасутнасць і вечнасць Айца, Сына і Духа Святога. Па краі медаля выгравіраваны надпіс: “IN UNITATE FIDEI, AMOR CHRISTI NOS CONIUNGIT” (“У адзінстве веры нас злучае любоў Хрыста”).

Леў XIV пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей, у якім напісаў: "З гістарычнай нагоды 1700-годдзя Сусветнага Сабора ў Нікеі мы збіраемся, каб адрадзіць нашу веру ў Езуса Хрыста, сапраўднага Бога і сапраўднага чалавека, святкуючы веру, якую мы падзяляем. Жадаю мноства благаслаўленняў усім, хто сабраўся тут, і ўсім супольнасцям, якія яны прадстаўляюць".

Падчас падпісання кнігі ганаровых гасцей
Падчас падпісання кнігі ганаровых гасцей   (@Vatican Media)
29 лістапада 2025, 10:18