Пошук

Папа: містычны досвед – не абавязковы крытэрый святасці

Святасць пазнаецца па еднасці чалавека з Богам, а містычны досвед не з’яўляецца абавязковым, - падкрэсліў Пантыфік, заклікаючы да асцярожнасці і разважлівасці пры ацэнцы гэтых надзвычайных з’яў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

13 лістапада 2025 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў кангрэса “Містыка, містычныя з’явы і святасць”, які праводзіўся Дыкастэрыяй па справах кананізацыі ў Папскім універсітэце “Урбаніяна” ў Рыме. “Гаворка ідзе пра адзін з найпрыгажэйшых досведаў веры”, - сказаў на пачатку свайго звароту Пантыфік, каментуючы тэму форуму.

Кожнае дрэва пазнаецца па ягоным плодзе

Касцёл з даўніх часоў прызнае, што ў аснове містычнага жыцця ляжыць усведамленне глыбокага еднасці з Богам, - сказаў Святы Айцец, падкрэсліваючы, што гэты досвед праяўляецца ў пладах, якія прыносіць, згодна са словамі Пана: “Няма добрага дрэва, якое б прыносіла дрэнны плод, ці дрэннага дрэва, якое б прыносіла добры плод. Бо кожнае дрэва пазнаецца па ягоным плодзе”.

Мэта містычнага досведу – злучэнне з Богам

Леў XIV адзначыў, што містычны досвед – гэта духоўны дар, які можа праяўляцца рознымі спосабамі, такім як “светлыя бачанні або густая цемра, пакуты або экстаз”. Тым не менш, “гэтыя выключныя падзеі застаюцца другаснымі і неістотнымі ў адносінах да самой містыкі і святасці: яны могуць быць яе знакамі, як асобныя харызматы, але сапраўднай мэтай ёсць і заўсёды застаецца еднасць з Богам”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Містычны досвед – не абавязковы крытэр святасці

“Надзвычайныя з’явы, якія могуць адпавядаць містычнаму досведу, не з’яўляюцца неабходнымі ўмовамі для распазнання святасці верніка”, - адзначыў Папа, дадаючы, што больш важнае і вартае падкрэслівання пры разглядзе кандыдатаў на кананізацыю – “гэта іх поўная і пастаянная адпаведнасць Божай волі, адкрытай у Святым Пісанні і жывой апостальскай Традыцыі”.

“Таму важна захоўваць раўнавагу: гэтак жа, як справы для кананізацыі не павінны прасоўвацца толькі пры наяўнасці выключных з’яў, гэтак жа трэба сачыць за тым, каб не адкідваць іх, калі тыя ж з’явы характарызуюць жыццё Слуг Божых”, - сказаў Леў XIV.

Патрэба асцярожнасці і разважлівасці

Пантыфік нагадаў, што вучэнне Касцёла, тэалогія і духоўныя аўтары далі “крытэрыі для адрознення сапраўдных духоўных з’яў, якія могуць узнікнуць у атмасферы малітвы і шчырага пошуку Бога, ад праяў, якія могуць быць падманлівымі”. “Каб не паддацца забабонным ілюзіям, неабходна ацэньваць такія падзеі з разважлівасцю, праз распазнаванне, пакорнае і адпаведнае вучэнню Касцёла”, - сказаў ён.

Наследаваць святых

Папа заўважыў, што пры разглядзе кананізацыйных спраў увага павінна быць звернута ў першую чаргу на вядомасць верніка яго святасцю і вывучэнне яго дасканалай цноты як выразу касцельнага адзінства і блізкай еднасці з Богам. “Выконваючы гэта каштоўнае служэнне, асабліва тыя з вас, хто дзейнічае ў межах кананізацыйных працэсаў, пакліканы наследаваць святых і развіваць пакліканне, якое аб’ядноўвае ўсіх нас як ахрышчаных, жывых членаў адзінага Божага народа”, - падкрэсліў Леў XIV.
 

13 лістапада 2025, 13:07