Папа: неабходна палітыка для абароны годнасці дзяцей у эпоху ШІ

Толькі дзякуючы адукацыйнаму, этычнаму і адказнаму падыходу можна гарантаваць, каб штучны інтэлект стаў не пагрозай, а саюзнікам у развіцці і росце дзяцей, - адзначыў Леў XIV.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Звяртаючыся 13 лістапада 2025 года да ўдзельнікаў канферэнцыі “Годнасць дзяцей і падлеткаў у эпоху штучнага інтэлекту”, Папа нагадаў, што ШІ ўсё глыбей пранікае ў наша паўсядзённае жыццё, уплываючы на такія сферы чалавечай дзейнасці, як адукацыя, камунікацыя і бяспека дзяцей. Калі гаворка ідзе аб абароне і годнасці непаўналетніх, выкарыстанне ШІ ўздымае шэраг важных этычных пытанняў.

Маніпуляцый з дапамогай алгарытмаў могуць уплываць на рашэнні і перавагі дзяцей. Надзвычай важна, каб бацькі і педагогі ведалі пра гэтыя рызыкі і мелі неабходныя прылады для маніторынгу і кантролю ўзаемадзеяння дзяцей з лічбавымі прыладамі, - адзначыў Папа.

Дзяржавы і міжнародныя арганізацыі нясуць адказнасць за распрацоўку і рэалізацыю палітыкі, якая б абараняла годнасць непаўналетніх у эпоху ШІ. Гэта патрабуе абнаўлення нарматыўнай базы ў сферы абароны даных і распаўсюджвання этычных стандартаў распрацоўкі і выкарыстання ШІ, - лічыць Пантыфік.

Аднак адных толькі этычных кодэксаў недастаткова. Для абароны годнасці дзіцяці неабходная штодзённая адукацыйная праца дарослых, добра падрыхтаваных і здольных папярэдзіць дзяцей пра рызыкі ранняга бескантрольнага доступа да штучнага інтэлекту. Толькі ўсвядоміўшы небяспеку нястрыманага карыстання лічбавымі тэхналогіямі, непаўналетнія змогуць рабіць адказны выбар ў адносінах да сябе і да іншых. Толькі дзякуючы адукацыйнаму, этычнаму і адказнаму падыходу можна гарантаваць, каб ШІ стаў не пагрозай, а саюзнікам у развіцці і росце дзяцей, - папярэдзіў Святы Айцец.

Леў XIV пажадаў гасцям плённай канферэнцыі, якая дапаможа стварыць трывалую аснову для далейшага служэння дзецям, падлеткам і ўсёй касцёльнай і чалавечай супольнасці.

13 лістапада 2025, 11:07