Кардынал Паралін пра штучны інтэлект і бяспеку непаўналетніх
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы скіраваў сваё слова да ўдзельнікаў міжнароднай канферэнцыі на тэму “Годнасць дзяцей і падлеткаў у эпоху штучнага інтэлекту”, якая праходзіць 12-13 лістапада 2025 года ў Апостальскай канцылярыі.
У сваім пасланні кардынал П’етра Паралін высока ацаніў ініцыятыву фонду “Child” і альянсу “Child Dignity”, адзначыўшы, што яна з’яўляецца прыкладам для многіх іншых сфер абароны чалавека, патрабуючы ўзважвання магчымасцей і рызык лічбавай эпохі на карысць людзей і ўсяго стварэння.
Па словах кардынала, плённая праца ў гэтым кірунку магчымая толькі праз міждысцыплінарныя і міжкультурныя намаганні, калі мы хочам адэкватна ацаніць складанасць праблемы і разнастайнасць чалавечых рэалій.
Ён выказаў задавальненне тым, што канферэнцыя працягвае шлях, распачаты ў 2017 годзе Сусветным кангрэсам “Годнасць дзіцяці ў лічбавым свеце” ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце.
Дзяржсакратар нагадаў словы, якія Папа Францішак скіраваў тады да ўдзельнікаў кангрэса і якія, на яго думку, застаюцца актуальнымі і сёння: “Мы пакліканы аб’яднаць намаганні, разумеючы, што мы патрэбныя адзін аднаму для пошуку і знаходжання правільных сродкаў і падыходаў, неабходных для эфектыўных адказаў”.
Кардынал Паралін працытаваў і іншыя словы з энцыклікі “Laudato si’”: “Мы можам пашырыць наша бачанне. Мы маем свабоду, неабходную для абмежавання і накіравання тэхналогій; мы можам паставіць іх на службу іншаму тыпу прагрэсу – больш здароваму, больш гуманнаму, больш сацыяльнаму, больш інтэгральнаму”.
На заканчэнне паслання Дзяржаўны сакратар пажадаў удзельнікам плённых дыскусій і даручыў іх працу заступніцтву святых Ісідора Севільскага і Карла Акуціса.