Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа звярнуўся да манаскіх супольнасцей: бараніце ўразлівых

Леў XIV звярнуўся да кансэкраваных асоб, заклікаўшы ствараць супольнасці, што бароняць годнасць кожнага, асабліва самых уразлівых.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У пасланні да ўдзельнікаў сустрэчы “Будаваць супольнасці, якія бароняць годнасць”, арганізаванай у Рыме, Святы Айцец падкрэсліў, што годнасць з’яўляецца дарам Божым, які паходзіць не з заслуг, а з позірку любові Стварыцеля. Ён заклікаў ствараць асяроддзі, дзе кожны, асабліва непаўналетні, адчувае сябе абароненым.

Пантыфік нагадаў, што клопат пра бліжняга нараджаецца з сэрца, якое ўмее слухаць, і з жадання наблізіцца з павагай і пяшчотай. Паводле яго слоў, беручы на сябе адказнасць за жыццё іншага, мы вучымся сапраўднай свабодзе, якая не пануе, а служыць.

Кансэкраванае жыццё, як выраз поўнага дару сябе Хрысту, паклікана быць “домам, які прымае”. Леў XIV адзначыў, што сапраўдная любоў нараджаецца з прызнання ўласнай слабасці, што дазваляе любіць іншых са свабодным сэрцам.

Святы Айцец заахвоціў удзельнікаў дзяліцца вопытам у прадухіленні злоўжыванняў і працягваць супрацоўніцтва з Папскай камісіяй па абароне непаўналетніх, каб супольнасці станавіліся прыкладам даверу і дыялогу, дзе кожнага чалавека паважаюць і слухаюць.
 

17 лістапада 2025, 11:01