Пошук

Папа прыняў на аўдыенцыі амерыканскага акцёра Роберта Дэ Ніра

Леў XIV прыняў на прыватнай аўдыенцыі ў Апостальскім палацы Ватыкана амерыканскага акцёра Роберта Дэ Ніра, які знаходзіўся ў Рыме з двухдзённым візітам.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Добрай раніцы, прыемна пазнаёміцца”, - з усмешкай сказаў Пантыфік, паціскаючы руку свайму знакамітаму госцю. “Мне таксама”, - адказаў Дэ Ніра. Так распачалася кароткая, але цёплая сустрэча, што адбылася раніцай 7 лістапада 2025 года ў межах насычанага графіку Святога Айца.

82-гадовага амерыканскага акцёра італьянскага паходжання, двойчы лаўрэата прэміі “Оскар”, суправаджалі яго дзеці – Дрэна і Джуліан Генры, а таксама партнёры, разам з якімі ён адкрыў у Рыме гатэль і рэстаран. Пантыфік абмяняўся з гасцямі некалькімі словамі, сфатаграфаваўся з імі і падараваў кожнаму па ружанцы.

Аўдыенцыя для акцёра Роберта Дэ Ніра
Аўдыенцыя для акцёра Роберта Дэ Ніра   (AFP or licensors)

Падчас візіту ў Рым Роберт Дэ Ніра сустрэўся таксама з мэрам Вечнага горада, Раберта Гуальцьеры, з рук якога атрымаў “Капіталійскую ваўчыцу” (Lupa Capitolina) – найвышэйшую ўзнагароду, якую прысуджае муніцыпалітэт італьянскай сталіцы. Акцёр быў адзначаны за ўклад у гісторыю кіно і яго глыбокую сувязь з Рымам.

“Рым – гэта больш чым проста горад, гэта жывы твор мастацтва... Атрымаць прэмію тут, у месцы, якое так шмат падарыла свету культуры, кіно, прыгажосці – гэта ўзрушвае па-сапраўднаму”, - прызнаўся Дэ Ніра.
 

08 лістапада 2025, 09:49