Пантыфік да COP30: калі хочаш спрыяць міру – захоўвай стварэнне
Марыя Валодзіна - Vatican News
У сваім пасланні да ўдзельнікаў кліматычнага саміту Пантыфік заклікаў да экалагічнага навяртання і новай міжнароднай фінансавай архітэктуры, якая дазволіла б бедным краінам цалкам рэалізаваць свой патэнцыял. ПОЎНЫ ТЭКСТ ПАСЛАННЯ
Сувязь паміж мірам і клопатам пра стварэнне
Калі хочаш спрыяць міру, захоўвай стварэнне, – нагадаў Папа прынцып, які неаднаразова паўтаралі яго папярэднікі. Гэта аксіёма падкрэслівае непарыўную сувязь паміж захаваннем міру і абаронай навакольнага асяроддзя.
"Калі, з аднаго боку, у гэтыя цяжкія часы ўвага і клопат міжнароднай супольнасці, відавочна, сканцэнтраваны галоўным чынам на канфліктах паміж краінамі, з другога боку, расце разуменне таго, што свету таксама пагражае адсутнасць належнай павагі да стварэння, разрабаванне прыродных рэсурсаў і паступовае пагаршэнне якасці жыцця з-за змены клімату", - гаворыцца ў пасланні.
Міжнароднае супрацоўніцтва і згуртаваная шматбаковасць
На думку Святога Айца, праблемы, якія ставяць пад пагрозу жыццё ўсіх жыхароў планеты, патрабуюць міжнароднага супрацоўніцтва і аб'яднанага шматбаковага падыходу, які ставіць у цэнтр святасць жыцця, годнасць, дадзеную Богам кожнаму чалавеку, і агульнае дабро. Палітычныя падыходы і чалавечыя паводзіны, якія мы назіраем сёння, на жаль, ідуць у процілеглым кірунку, характарызуюцца калектыўным эгаізмам, пагардай да іншых і блізарукасцю, - напісаў у сваім пасланні Леў XIV.
У свеце, ахопленым полымем, як праз глабальнае пацяпленне, так і праз узброеныя канфлікты, канферэнцыя COP30 павінна стаць сімвалам надзеі, сведчаннем павагі да розных поглядаў і калектыўнай волі да пошуку агульнай мовы і кансенсусу, праз пераадоленне эгаізму і ўсведамленне адказнасці адзін перад адным і перад будучымі пакаленнямі, - пажадаў Пантыфік.
Новая фінансавая архітэктура
Папа заклікаў удзельнікаў саміту да "экалагічнага навяртання ў думках і дзеяннях” і пажадаў, каб яно натхніла іх на распрацоўку новай міжнароднай фінансавай архітэктуры, арыентаванай на чалавека, якая б дазволіла самым бедным і найбольш уразлівым да кліматычных катастроф краінам цалкам раскрыць свой патэнцыял.
Святы Айцец заклікаў улічваць не толькі знешні эканамічны доўг бедных краін, але і “экалагічны доўг” багатых дзяржаў, якія спажываюць іх рэсурсы і спрыяюць глабальнаму пацяпленню. Ён таксама падкрэсліў важнасць адукацыі ў духу інтэгральнай экалогіі, якая дапамагае ўсвядоміць узаемную сувязь усяго створанага і тое, што рашэнні, прынятыя на асабістым, сямейным, грамадскім і палітычным узроўнях, непасрэдна ўплываюць на нашу агульную будучыню.
Маральны абавязак перад планетай
Леў XIV нагадаў словы святога Яна Паўла ІІ, які яшчэ ў 1990-х гадах казаў, што экалагічны крызіс – гэта маральная праблема, якая падкрэслівае надзённую маральную неабходнасць новай салідарнасці, асабліва ў адносінах паміж краінамі на шляху развіцця і высокаіндустрыяльнымі краінамі. Ад разбуральных наступстваў змены клімату, абязлесення і забруджвання ў першую чаргу пакутуюць найбяднейшыя і найбольш уразлівыя. Таму клопат пра стварэнне становіцца выразам чалавечнасці і салідарнасці, - адзначыў Папа.
Паскорыць рэалізацыю Парыжскага пагаднення
Пантыфік адзначыў, што праз дзесяць гадоў пасля падпісання Парыжскага пагаднення ў 2015 годзе свет усё яшчэ застаецца далёкім ад выканання пастаўленых мэтаў. Ён заклікаў дзяржавы-ўдзельнікі “смела паскорыць” рэалізацыю гэтага пагаднення і Рамачнай канвенцыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый аб змене клімату.
