Святы Айцец да ўлад Лівана: служыць агульнаму дабру
Марыя Валодзіна - Vatican News
У сваёй прамове Пантыфік падкрэсліў, што Ліван – гэта зямля, на якой “мір” не проста слова, а жаданне і пакліканне, дар і незавершаная праца. Ён нагадаў дэвіз свайго падарожжа – “Шчаслівыя міратворцы" (Мц 5: 9) і прапанаваў паразважаць пра тое, што значыць “быць міратворцам у надзвычай складаных, канфліктных і нявызначаных абставінах”.
У дадатак да прыроднай прыгажосці і культурнага багацця Лівана, краіна мае яшчэ адну выдатную якасць: яго народ не здаецца перад тварам выпрабаванняў. Такая жыццястойкасць – неад'емная рыса сапраўдных міратворцаў, паколькі ў працы па падтрыманні міру неабходна глядзяць у будучыню з надзеяй і настойліва пачынаць ўсё нанова, нягледзячы на паразы, - адзначыў Святы Айцец.
На думку Папы, стойкасць ліванцаў тлумачыцца тым, што яны – шматнацыянальная краіна, “супольнасць супольнасцяў”, аб'яднаных агульнай мовай надзеі, якая дазваляе не губляць веру ў будучыню. Нягледзячы на цяжкія наступствы эканамічнага крызісу, рэгіянальнай нестабільнасці, уздыму радыкалізму і канфліктаў, народ Лівана заўсёды выбіраў шлях адраджэння.
Роля грамадзянскай супольнасці і дыяспары
Пантыфік высока ацаніў энергічнасць і адукаванасць грамадзянскай супольнасці Лівана, актыўнасць моладзі і моцныя сувязі з дыяспарай. Ліванцы за мяжой захоўваюць любоў да радзімы і моляцца за народ, часткай якога па-ранейшаму адчуваюць сябе. Яны таксама падтрымліваюць яго сваімі ведамі і навыкамі.
Шлях прымірэння
Леў XIV нагадаў, што другая характэрная рыса міратворцаў – гэта пошук прымірэння, без якога нельга дасягнуць трывалага міру. Існуюць глыбокія асабістыя і калектыўныя раны, на гаенне якіх патрабуюцца гады. Калі іх не лячыць, будзе цяжка рухацца да міру. Кожны застанецца ў палоне свайго болю і ўласнага ладу думак. Праўду можна пазнаць, толькі сустрэўшыся адно з адным, - падкрэсліў Папа, адзначыўшы, што кожны бачыць толькі частку праўды, і толькі дыялог дае поўную карціну.
Агульнае дабро важней прыватнага
Трывалы мір магчымы толькі пры накіраванасці да агульнага дабра і адкрытасці на будучыню, у якой дабро пераважае над злом мінулага і сучаснасці. Неабходныя органы ўлады і інстытуты, якія прызнаюць, што агульнае дабро важней прыватнага. Мір узнікае праз супольнае імкненне да агульнага дабра, узаемнае супрацоўніцтва і дыялог, нават калі існуюць непаразуменні, - зазначыў Пантыфік.
Масавы адток моладзі
Трэцяя рыса міратворцаў – настойлівасць, нават калі яна патрабуе ахвяр. Бываюць моманты, калі лягчэй збегчы, пераехаць у іншае месца. Патрабуецца сапраўдная мужнасць і дальнабачнасць, каб застацца на радзіме ці вярнуцца ў сваю краіну, нават калі гэта здаецца цяжкім.
Папа падкрэсліў, што Касцёл падтрымлівае тых, хто вымушаны пакідаць сваю краіну, але таксама клапоціцца пра тых, хто хоча вярнуцца. Ён нагадаў словы Папы Францішка з энцыклікі “Fratelli Tutti” аб балансе паміж глабальным і мясцовым вымярэннем: абодва патрэбныя для здаровага развіцця грамадства.
Неабходна зрабіць так, каб маладыя людзі не адчувалі сябе вымушанымі пакідаць сваю радзіму і эміграваць. “Як мы можам заахвоціць іх не шукаць міру дзе-небудзь яшчэ, а знайсці гарантыі міру і стаць галоўнымі дзеючымі асобамі на сваёй роднай зямлі?” – спытаў Святы Айцец. На яго думку, гэтае пытанне павінна стаць агульнай справай хрысціян, мусульман і ўсіх рэлігійных і грамадзянскіх пластоў ліванскага грамадства.
Роля жанчын
Асаблівую ўвагу Папа надаў ролі жанчын у напружаных і цярплівых намаганнях па захаванні і ўмацаванні міру. Жанчыны валодаюць асаблівай здольнасцю будаваць мір, бо “ведаюць, як берагчы і ўмацоўваць глыбокія сувязі з жыццём, людзьмі і месцамі”. Удзел жанчын у грамадскім і палітычным жыцці, а таксама ў рэлігійных супольнасцях – ключавы фактар абнаўлення краіны. “Шчаслівыя міратворцы і шчаслівая моладзь, якая застаецца ці вяртаецца, каб Ліван зноў стаў зямлёй, поўнай жыцця”, - сказаў Леў XIV.
Мір як танец гармоніі
Завяршаючы прамову, Папа звярнуўся да культурнай спадчыны Лівана. Ліванцы – гэта народ, які любіць музыку і танцы, а танец – гэта мова радасці і адзінства. Мір падобны да танцу – гэта лёгкі рух, у якім чалавек не “топча” зямлю, а ўзгадняе свае крокі з крокамі іншых.
Пантыфік выказаў падзяку прэзідэнту Лівана і ўсім прадстаўнікам улады за прыём і запэўніў у малітвах за іх служэнне агульнаму дабру.
