Папа – моладзі: сапраўдны сябар дапамагае наблізіцца да Езуса
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Якое благаслаўленне – бачыць так шмат моладзі, якая шукае Пана з шчырасцю і радасцю”, - падкрэсліў Святы Айцец, вітаючы юнакоў і дзяўчат па відэасувязі з Ватыкана. Шэсць удзельнікаў сустрэчы, арганізаванай Нацыянальнай канферэнцыяй каталіцкай моладзі ЗША, мелі магчымасць задаць яму свае пытанні, якія датычыліся розных сфер: ад сакрамэнтаў і сяброўства да штучнага інтэлекту і будучыні Касцёла.
Грэх не мае апошняга слова
Першае пытанне было звязана з цяжкасцю прыняць Божую міласэрнасць, калі мы зграшылі ці расчаравалі іншых. Адказваючы, Пантыфік нагадаў, што “ніхто не дасканалы”, але варта памятаць, што “грэх ніколі не мае апошняга слова”.
“Бог ніколі не перастае запрашаць нас вярнуцца да Яго. Падзенні могуць знеахвочваць нас, але не засяроджвайцеся выключна на вашых грахах. Глядзіце на Езуса, давярайце Яго міласэрнасці і прыходзьце да Яго з даверам. Ён заўсёды прыме вас”, - запэўніў моладзь Папа, заклікаючы не баяцца сустракаць Хрыста ў сакрамэнце споведзі.
Сапраўдны сябар дапамагае наблізіцца да Хрыста
У другім пытанні закраналася тэма смутку і дэпрэсіі, якія могуць узнікнуць у моладзі ў моманты выпрабаванняў. У якасці парады Пантыфік заклікаў адкрыцца на больш глыбокія адносіны з Хрыстом і давяраць Яму свае праблемы ў малітве. “Падчас эўхарыстычнай адарацыі вы можаце глядзець на Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце і ведаць, што Ён глядзіць на вас з любоўю”, - запэўніў Папа.
Леў XIV адзначыў таксама важнасць пошуку людзей, якім можна даверыцца у цяжкія хвіліны. “Важна маліцца аб дары шчырых сяброў. Сапраўдны сябар – гэта не той, з кім прыемна бавіць час, – хоць і гэта важны аспект, – але той, хто дапамагае табе наблізіцца да Езуса і заахвочвае стаць лепшым чалавекам”, - сказаў ён.
Тэхналогіі павінны служыць чалавеку, а не наадварот
Моладзь цікавіла таксама меркаванне Папы адносна сучасных тэхналогій. Ён нагадаў, што гэтыя каштоўныя прылады могуць дапамагаць падтрымліваць адносіны, дзяліцца Евангеллем з людзьмі, з якімі мы ніколі не сустрэліся асабіста, вывучаць тое, у што мы верым. Але машыны ніколі не заменяць шчырай чалавечай усмешкі, жывых адносін і ўдзелу ў Эўхарыстыі.
“Мы павінны выкарыстоўваць іх мудра, не дазваляючы ім замяніць нашы адносіны”, - сказаў Папа, заклікаючы маладых вернікаў больш асэнсавана праводзіць час перад экранам і сачыць за тым, каб тэхналогіі служылі іх жыццю, а не наадварот.
Клапаціцца пра ўласную адукацыю
Леў XIV заахвоціў моладзь плённа выкарыстоўваць час на ўласную адукацыю. І нават калі штучны інтэлект можа паскорыць пошук інфармацыі, “ніколі не прасіце яго зрабіць хатняе заданне замест вас”, - пажартаваў ён.
“Будзьце пільнымі, каб штучны інтэлект не абмяжоўваў ваша сапраўднае чалавечае развіццё. Выкарыстоўвайце яго такім чынам, каб, калі раптам ён заўтра знікне, вы ўсё роўна ўмелі думаць, тварыць, дзейнічаць самастойна, усталёўваць сапраўдныя сяброўствы”, - дадаў Папа.
Касцёлу патрэбны галасы і ідэі моладзі
Пантыфік нагадаў, што Касцёлу патрэбна моладзь – яе галасы і ідэі. Таму ён заклікаў юнакоў і дзяўчат браць актыўны ўдзел у жыцці сваіх парафій, імкнуцца распазнаць уласнае пакліканне, служыць бедным па прыкладзе святога П’ера Джорджыа Фрасаці.
“Я заклікаю вас паразважаць над гэтымі пытаннямі: Што я магу зрабіць для будучыні Касцёла? Як магу дапамагчы іншым пазнаць Хрыста? Як магу будаваць мір і сяброўства вакол сябе?”, - параіў Леў XIV.
Марыць пра вялікае
“Цяпер час, каб марыць пра вялікае і быць адкрытымі на тое, што Бог хоча зрабіць з нашай дапамогай. Быць маладым – гэта заўсёды звязана з жаданнем зрабіць нешта значнае, нешта адметнае”, - сказаў Святы Айцец, заклікаючы моладзь паглыбляць веру і сяброўства з Хрыстом, станавіцца будаўнікамі міру, цаніць дыялог і адзінства.
“Будзьце асцярожнымі, каб не выкарыстоўваць палітычныя катэгорыі, калі гаворка ідзе пра веру”, - папярэдзіў Папа, нагадваючы, што “Касцёл не належыць да якой-кольвечы палітычнай партыі”, але дапамагае фармаваць сумленне, каб чалавек мог было думаць і дзейнічаць з мудрасцю і любоўю.
