Пошук

Бронзавая скульптура Панны Марыі на Іспанскай плошчы ў Рыме Бронзавая скульптура Панны Марыі на Іспанскай плошчы ў Рыме 

Урачыстасць Беззаганнай: Папа наведае Іспанскую плошчу ў Рыме

Ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, 8 снежня 2025 года, Леў XIV здзейсніць візіт да скульптуры Маці Божай на Іспанскай плошчы ў Рыме.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Каля 16.00 па рымскім часе Пантыфік прыедзе на плошчу, дзе яго сустрэнуць Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, кардынал Бальтасарэ Рэйна, і мэр Рыма Раберта Гуальцьеры. Святы Айцец памоліцца ля калоны з фігурай Багародзіцы і ўскладзе да яе вянок з кветак. Гэта будзе яго першы візіт на Іспанскую плошчу ў якасці Папы.

Традыцыя папскіх візітаў

Звычай штогадовага ахвяравання кветак для фігуры Беззаганнай Панны Марыі на Іспанскай плошчы ў Рыме ўвёў у 1953 годзе Пій XII, але традыцыю штогадовых папскіх візітаў да яе заклаў Ян XXIII, які ў 1958 годзе асабіста наведаў гэта месца.

Калона ў гонар Беззаганнай

Амаль 12-мятровая старажытная калона, знойдзеная ў 1778 годзе, была размешчана на Іспанскай плошчы ў 1857 годзе ў гонар прыняцця догмата аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. Яна была ўпрыгожа бронзавай скульптурай Багародзіцы, аўтарства Джузэпэ Абічы. Выдаткі на ўстанаўленне помніка пакрыў кароль Абедзьвюх Сіцылій Фердынанд II Бурбон. Такім чынам манарх хацеў падзякаваць Багародзіцы за ўратаванне жыцця падчас замаху на яго, які адбыўся 8 снежня 1856 года.

Прывілей рымскіх пажарнікаў

На працягу ўсяго дня ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі да фігуры Маці Божай на Іспанскай плошчы будуць прыходзіць розныя групы вернікаў. Па традыцыі першымі пашану Багародзіцы аддадуць рымскія пажарнікі. Гэты прывілей яны маюць дзякуючы сваім 220 калегам, якія ўстанавілі калону на гэтым месцы ў XIX стагоддзі. Як і ў мінулыя гады, раніцай некалькі пажарнікаў уздымуцца з дапамогай аўталесвіцы да фігуры Панны Марыі і павесяць ёй на руку белы кветкавы вянок.

Навэна з удзелам кардыналаў

Напярэдадні ўрачыстасці Беззаганнага Зачацця ў рымскай Базіліцы Дванаццаці Святых Апосталаў праходзіць старажытная навэна, якая ўключае ў сябе ружанцовую малітву, літанію і святую Імшу, на пачатку якой выконваецца спеў “Tota Pulchra”, напісаны ў 1893 годзе францішканінам Алесандра Бароні.

У апошнія дні перад завяршэннем навэны вячэрнюю эўхарыстычную цэлебрацыю ў гэтай святыні будзе ўзначальваць адзін з кардыналаў: 3 снежня – Анхель Фернандэс Арцімэ, прапрэфект Дыкастэрыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця; 4 снежня – Клаўдыё Гуджэроці, прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў; 5 снежня – Раландас Макрыцкас, архіпрэзбітэр Папскай Базілікі Санта-Марыя-Маджорэ; 6 снежня – Марчэла Сэмерара, прэфект Дыкастэрыі па справах кананізацыі; 7 снежня – Маўра Гамбэці, Папскі вікарый для Дзяржавы Ватыкан. 8 снежня ўрачыстую цэлебрацыю правядзе кардынал Леанарда Сандры, прэфект-эмерыт Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў.
 

03 снежня 2025, 13:55