Святы Айцец: спыніць гвалт у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Учора ў Хаэне, Іспанія, былі беатыфікаваныя ксёндз Мануэль Іск’ерда і пяцьдзесят восем яго паплечнікаў, разам з ксяндзом Антоніа Монтаньесам Чыкерам і шэсцьдзесят чатырма яго паплечнікамі, забітымі з нянавісці да веры падчас рэлігійнага пераследу ў 1936-1938 гадах. Таксама ўчора ў Парыжы былі беатыфікаваныя Раймон Кайрэ, святар, Жэрар-Мартэн Сандр’е з Ордэна Меншых Братоў, Ражэ Вале, семінарыст, Жан Мэстрэ, свецкі вернік, а таксама сорак шэсць іх паплечнікаў, забітых з нянавісці да веры ў 1944-1945 гадах падчас нямецкай нацысцкай акупацыі. Давайце ўзнесем падзяку Пану за гэтых мучанікаў, адважных сведкаў Евангелля, пераследаваных і забітых за тое, што засталіся блізкімі да свайго народу і вернымі Касцёлу!
З глыбокай заклапочанасцю сачу за аднаўленнем баёў ва ўсходняй частцы Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Выказваючы сваю блізкасць да мясцовага насельніцтва, заклікаю бакі канфлікту спыніць усе формы гвалту і шукаць канструктыўнага дыялогу з павагай да мірных працэсаў, якія адбываюцца”, - сказаў Папа, пасля чаго прывітаў прысутных на Плошчы Святога Пятра пілігрымаў.
