Пошук

Святы Айцец: музыка вядзе сэрца чалавека да Бога

Музыка – гэта прывілеяваны шлях для разумення найвышэйшай годнасці чалавека і пацвярджэння ў яго самым сапраўдным пакліканні, - сказаў Пантыфік.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Увечары 12 снежня 2025 года Леў XIV прыняў удзел у калядным канцэрце ў ватыканскай Зале Паўла VI. Падчас яго Маладзёжны аркестр імя Луіджы Керубіні і хор катэдральнага сабора Сіены “Guido Chigi Saracini” выканалі “Імшу на каранацыю Карла Х”, напісаную Луіджы Керубіні ў 1825 годзе. За дырыжорскім пультам стаяў знакаміты Рыкарда Муці. У заключнай частцы музычнага вечара Святы Айцец уручыў маэстра “Прэмію Ратцынгера” 2025 года.

Музыка паказвае годнасць чалавека

Папа нагадаў словы святога Аўгустына, які называў музыку “scientia bene modulandi” (навукай добрага выхавання), спалучаючы яе з “мастацтвам весці сэрца да Бога”. “Музыка – гэта прывілеяваны шлях для разумення найвышэйшай годнасці чалавека і пацвярджэння ў яго самым сапраўдным пакліканні”, - дадаў ён.

Прэмія для Рыкарда Муці

Звяртаючыся да Рыкарда Муці, Леў XIV адзначыў, што “Прэмія Ратцынгера” з’яўляецца падзякай за яго жыццё, “цалкам прысвечанае музыцы, прасторы дысцыпліны і аб’яўлення”. “Папа Бэнэдыкт XVI любіў нагадваць, што “сапраўдная прыгажосць раніць, адкрывае сэрца, пашырае яго” і ў музыцы шукаў голас Бога сусвету. На гэтым шляху пошуку прыгажосці, Вы, дарагі маэстра, мелі магчымасць шмат разоў сустракацца з кардыналам Ратцынгерам, спачатку калі ён наведваў канцэрты ў Зальцбургу і Мюнхене, а потым у Рыме. У наступныя гады Папа Бэнэдыкт XVI прысутнічаў на Вашых выступленнях у Зале Паўла VI, дзе ўручыў Вам Вялікі крыж Святога Грыгорыя Вялікага. Прэмія, якую Вы атрымліваеце сёння, з’яўляецца працягам гэтых адносін, дыялогу, адкрытага на таямніцу і скіраванага на агульнае дабро і гармонію”, - сказаў Леў XIV.

Этычная адказнасць музыкі

Леў XIV спаслаўся таксама на словы свайго папярэдніка Францішка, які казаў пра “этычную адказнасць музычнага мастацтва”, бо яно “дорыць тым, хто ім займаецца, мудры і спакойны позірк, дзякуючы якому лягчэй пераадольваюцца разыходжанні і супярэчнасці”.

“Гарманізаваць значыць трымаць разам адрозненні, якія маглі б сутыкнуцца, дазваляючы ім ствараць вышэйшае адзінства. Такой самай мэце спрыяе і цішыня: яна – не адсутнасць, а падрыхтоўка, бо ў ёй узнікае магчымасць слова, у паўзе з’яўляецца праўда”, - дадаў Папа.

Муці – не толькі дырыжор

Пантыфік звярнуў увагу на актыўную адукацыйную дзейнасць Рыкарда Муці, яго адносіны з італьянскімі музычнымі кансерваторыямі і практыку “адкрытых рэпетыцый” як формы дзялення вопытам. “Такім чынам, асабліва паслядоўна выглядае прысуджэнне “Прэміі Ратцынгера” таму, хто ўмее захоўваць тое, што Бэнэдыкт XVI заўсёды лічыў сэрцам мастацтва: магчымасць праз прыгажосць даносіць іскру прысутнасці Бога”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Заклік да пашырэння адукаванасці

“Сённяшні вячэрні канцэрт – гэта нагода для ўмацавання ўвагі і намаганняў у адукацыйнай сферы: мільёны дзяцей у свеце выключаны з якой-кольвечы працэсу школьнага навучання”, - сказаў Папа. У гэтым кантэксце ён прывітаў стварэнне Назіральнага цэнтру па няроўнасці і паўсюдным доступе да адукацыі, пра што было абвешчана падчас Юбілею свету адукацыі, а таксама заклікаў да малітвы за мір.
 

12 снежня 2025, 19:43