Юбілей Зняволеных: апошняя буйная сустрэча Святога года
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Юбілей вязняў збярэ ў Рыме зняволеных і членаў іх сем’яў, супрацоўнікаў турмаў, паліцэйскіх, капеланаў і кіраўнікоў пэнітэнцыярных устаноў. Самыя вялікія дэлегацыі прыбудуць з Італіі, Іспаніі, Партугаліі, Вялікабрытаніі, Польшчы, Германіі, Інданезіі, Мексікі, Мадагаскара, Бразіліі, Калумбіі, ЗША, Гвінеі-Бісаў, Філіпін, Тайваня і Аўстраліі.
Трохдзённая сустрэча адкрыецца сімпозіумам, прысвечаным тэме права на надзею, які 12 снежня пройдзе ва ўніверсітэце LUMSA ў Рыме. Потым мерапрыемствы перанясуцца ў “Fraterna Domus” у Сакрафана: яны будуць уключаць даклады, дыскусіі і моманты супольнай малітвы.
Кульмінацыйным момантам Юбілею вязняў стане ўрачыстая святая Імша, якую Папа Леў XIV узначаліць у нядзелю, 14 снежня, на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане. Гостыі для цэлебрацыі прадаставіць італьянскі фонд “Casa dello Spirito e delle Arti” (Дом Духа і мастацтваў): дзякуючы яго ініцыятыве штогод каля 300 вязняў вырабляюць больш за 15 тысяч гостый для каталіцкіх супольнасцей у Італіі і іншых краінах.
Пасля літургіі ў канцэртнай зале Auditorium Conciliazione для ўдзельнікаў сустрэчы адбудзецца паказ мюзікла “Oltre le grate” (За кратамі). Ён пастаўлены на падставе кнігі сястры Крысціяны Скандуры з кляштара Святой К’яры ў Б’янкавілі на поўдні Італіі, у аснову якой лягло яе ліставанне са шматлікімі вязнямі.
