Пошук

Папа заахвоціў Касцёл у Ліване несці надзею нават сярод руін

Касцёл у Ліване нясе адказнасць за надзею і застаецца сімвалам адзінства народа, - сказаў Пантыфік у звароце да духавенства і кансэкраваных асоб. Ён заклікаў трымацца веры як якара і сведчыць пра міласэрнасць нават у часы выпрабаванняў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Раніцай 1 снежня 2025 года, пасля малітвы на магіле святога Шарбэля, Леў XIV накіраваўся ў санктуарый Маці Божай Ліванскай у Харысе на сустрэчу з біскупамі, святарамі, кансэкраванымі асобамі і душпастырамі.

У сваёй прамове Папа адзначыў, што ліванскі Касцёл з’яўляецца жывым увасабленнем слоў, якія казаў пра ліванцаў Ян Павел II: “Вы нясеце адказнасць за надзею”.

Ён падкрэсліў значэнне ліванскіх святыняў, асабліва пячоры святога Шарбэля і санктуарыя ў Харысе, як сімвалаў адзінства ўсяго ліванскага народа. Малітва – гэта нябачны мост, які злучае сэрцы, дае нам сілы працягваць спадзявацца і працаваць, нават у часы канфліктаў і штодзённых цяжкасцей, - адзначыў Пантыфік.

Зварот Папы да прадстаўнікоў ліванскага Касцёла
Зварот Папы да прадстаўнікоў ліванскага Касцёла   (@Vatican Media)

На лагатыпе апостальскага падарожжа змешчаны якар, які Францішак называў знакам веры, бо яна дазваляе нам заўсёды рухацца наперад, нават у самыя змрочныя моманты, пакуль мы не дасягнем нябёсаў. Францішак казаў: "Наша вера – гэта якар у нябёсах. Мы прывязалі сваё жыццё да нябёсаў” і раіў моцна трымацца за гэты якар, каб будаваць мір, любіць і аддаваць без меры, - нагадаў Леў XIV.

На думку Папы, з такімі моцнымі і глыбокімі каранямі, як у ліванскіх кедраў, расце любоў і увасабляюцца ў жыццё канкрэтныя справы салідарнасці. У адным з сведчанняў, якое прагучала падчас сустрэчы, гаворка ішла пра Дэбабію, маленькую вёску, дзе служыць айцец Юана. Хрысціяне і мусульмане, мясцовыя жыхары і бежанцы жывуць там разам у згодзе і дапамагаюць адзін аднаму, нягледзячы на выпрабаванні крайняй беднасці і пагрозы бамбардзіровак. Сірыйская манета, знойдзеная ў скрыні для ахвяраванняў побач з ліванскімі манетамі, нагадвае нам пра тое, што ў кожнага ёсць што аддаваць і што атрымліваць у любові, і што дарэнне сябе бліжняму ўзбагачае і набліжае нас да Бога, - падкрэсліў Пантыфік.

Сустрэча Папы з прадстаўнікамі ліванскага Касцёла
Сустрэча Папы з прадстаўнікамі ліванскага Касцёла   (@Vatican Media)

Папа нагадаў пра адказнасць перад моладдзю і заклікаў спрыяць яе прысутнасці і ўдзелу ў касцёльным жыцці, ствараць магчымасці для росту нават у складаных умовах.

На сустрэчы прагучалі таксама сведчанні Ларэн, якая падтрымлівае мігрантаў, і сястры Дзімы, якая ў складаных умовах вучыць дзяцей бежанцаў. Пантыфік заўважыў, што іх натхняльныя прыклады сведчаць аб тым, што нават у самыя змрочныя часы можна ператвараць пакуты ў любоў да Бога і міласэрнасць да бліжняга.

Зварот Папы да прадстаўнікоў ліванскага Касцёла
Зварот Папы да прадстаўнікоў ліванскага Касцёла   (@Vatican Media)

Айцец Шарбель, які нёс служэнне ў турме, казаў, што нават там, дзе ёсць толькі сцены і злачынцы, можна ўбачыць ласку Айца, які ніколі не стамляецца дараваць. Гэтая ласка адлюстроўваецца ў вачах зняволеных, часам страчаных, а часам азораных новай надзеяй. І гэта праўда: мы бачым адлюстраванне аблічча Езуса ў тых, хто пакутуе, і ў тых, хто залечвае раны, нанесеныя жыццём, - нагадаў Святы Айцец.

Напрыканцы сустрэчы Леў XIV уручыў санктуарыю Маці Божай Ліванскай залатую ружу. Гэты старажытны жэст заклікае нас быць водарам Хрыста (пар. 2 Кар 2:14), - патлумачыў ён. Кажучы пра водар, Папа прыгадаў пах ліванскіх страў – шмат розных водараў, якія разам утвараюць нешта прыемнае і цёплае, як сумесны прыём ежы. Такі ж і “водар Хрыста” – не нешта дарагое і прызначанае толькі для абраных, а водар багатага стала, да якога запрашаюцца ўсе, - сказаў Леў XIV.

Сустрэча Папы з ліванскім духавенствам і кансэкраванымі асобамі
Сустрэча Папы з ліванскім духавенствам і кансэкраванымі асобамі   (@Vatican Media)
01 снежня 2025, 12:30