Леў XIV: няхай музыка натхняе нашу чалавечнасць Божай любоўю
Аляксандр Панчанка - Vatican News
13 снежня 2025 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў ХХХІІІ "Каляднага канцэрта", які ўвечары пройдзе ў ватыканскай Зале Паўла VI. Галоўны арганізатар дабрачыннага мерапрыемства – салезіянская місіянерская ініцыятыва “Missioni Don Bosco”, якая займаецца рэалізацыяй адукацыйных праектаў ва ўсім свеце.
Бог прыходзіць да нас у штодзённасці
Папа заўважыў, што музыка нараджаецца з штодзённага жыцця і суправаджае нашы падарожжы, успаміны, высілкі: яна з’яўляецца свайго роду дзённікам, што захоўвае пачуцці і расказвае пра наш шлях з прастатой, а ў той жа час – глыбока.
Леў XIV нагадаў, што таксама і “Бог, каб аб’явіцца, выбраў людскі сюжэт”. “Ён не выкарыстоўваў уражлівыя дэкарацыі, а просты дом; не паказаў сябе здалёк, а наблізіўся; не застаўся недасягальнай кропкай на небе, а дасягнуў нас у самым сэрцы нашых малых гісторый. Такім чынам Ён паказвае нам, што штодзённае жыццё – такое, якім ёсць – можа стаць месцам сустрэчы з Ім”, - падкрэсліў Пантыфік.
Сапраўдная прыгажосць адкрытая на клопат пра свет
Папа адзначыў, што сёлетні Калядны канцэрт у Ватыкане пройдзе ў падтрымку місіянерскага праекта, які прадугледжвае будаўніцтва пачатковай каталіцкай школы ў Рэспубліцы Конга, разлічанай на 350 дзяцей.
“Таксама і гэта прымушае задумацца, нагадаючы нам, што прыгажосць, калі сапраўдная, не застаецца закрытай у сабе, але нараджае адказныя рашэнні для клопату пра свет. Так культура становіцца дыханнем для годнасці ўсіх, асабліва для найбольш уразлівых”, - сказаў Святы Айцец.
Музыка можа набліжаць да Бога
“Таму заклікаю вас перажыць гэты момант як духоўную пілігрымку. Няхай з нагоды Божага Нараджэння музыка стане месцам для душы: прасторай, у якой сэрца набывае голас, набліжаючы нас да Бога і робячы нашу чалавечнасць усё больш натхнёнай Яго любоўю”, - пажадаў Папа.
Традыцыя салідарнасці
Дабрачынны “Калядны канцэрт” праводзіцца ў Ватыкане з 1993 года. Сёлета ў ім будуць браць удзел зоркі італьянскай і сусветнай музыкі, сярод якіх Шэрыл Кроў, Ноа, Джыджы Д’Алесіа і іншыя. Па традыцыі запіс ватыканскага канцэрта будзе трансліравацца ўвечары 25 снежня на італьянскім “Canale 5”.
