Пошук

Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 

Леў XIV: падрыхтаваць сэрцы да Божага Нараджэння

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 17 снежня 2025 года ў Ватыкане, Папа нагадаў пра каштоўнасць традыцыі калядных ясляў і духоўнай падрыхтоўкі да Божага Нараджэння.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Праз некалькі дзён мы будзем святкаваць Божае Нараджэнне, і я мяркую, што ў вашых дамах ужо завяршаецца або ўжо завершана ўладкаванне бэтлеемскіх ясляў – кранальнага прадстаўлення таямніцы Нараджэння Хрыста. Жадаю, каб гэты важны элемент, не толькі нашай веры, але таксама хрысціянскай культуры і мастацтва, і надалей заставаўся часткай Божага Нараджэння, каб нагадваць пра Езуса, Які, стаўшы чалавекам, прыйшоў “пасяліцца сярод нас”, - заклікаў Святы Айцец.

Пазбягаць нястрыманага актывізму

Звяртаючыся да франкамоўных пілігрымаў, Леў XIV параіў пазбягаць “нястрыманага актывізму” ў падрыхтоўцы да святаў, у выніку якога мы рызыкуем перажыць іх павярхоўна і спазнаць пачуццё расчаравання. “Давайце прысвяцім час, каб зрабіць нашы сэрцы ўважлівымі і пільнымі ў чаканні Езуса, каб Яго любячая прысутнасць назаўсёды стала скарбам нашага жыцця і нашага сэрца”, - пажадаў Пантыфік.

Споведзь і рэкалекцыі

У звароце да вернікаў з Польшчы Святы Айцец нагадаў пра важнасць духоўнай падрыхтоўкі перад святамі. “Падрыхтуйцеся да прыйсця Езуса, асабліва праз сакрамэнт пакаяння і духоўныя рэкалекцыі, дзякуючы якім вы спазнаеце сапраўдны спакой, радасць і сэнс жыцця”, - сказаў ён.

Малітва, поўная даверу

“Адвэнт запрашае нас падрыхтавацца да Божага Нараджэння, прымаючы Езуса без усялякіх агаворак. Ён – наша надзея. Таму давайце з радасцю чакаць свята Яго нараджэння і маліцца, поўныя даверу: “Прыйдзі, Пане Езус”, - заклікаў Папа нямецкамоўных пілігрымаў.
 

17 снежня 2025, 12:09